Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Зэльцэр: “Не выключаю, што брата скраў Беразоўскі”


Марк Зэльцэр не выключае, што ягоны брат, адвакат Эмануіл Зэльцэр, мог апынуцца ў Беларусі гвалтоўна, на загад Барыса Беразоўскага.


“Мне адразу стала вядома, што брат паляцеў на самалёце Барыса Беразоўскага ў Менск, дзе яго арыштавалі. Але чаго яму такая ласка? Зараз я не выключаю, што меў рацыю Джозэф Кей, сваяк нябожчыка грузінскага мільянэра Бадры Патаркацышвілі, калі казаў, што ягонага адваката скралі. Джозэф Кей меў на ўвазе майго брата.

Барыс Беразоўскі пачынае ў Грузіі працэс па прысабечваньні маёмасьці Патаркацышвілі, і галоўнай перашкодай яму мог быць мой брат. Тэкст абвінавачаньня, якое выставілі Эмануілу ў Беларусі, супадае зь лістом Барыса Беразоўскага”, — паведаміў Радыё Свабода Марк Зэльцэр зь Нью-Ёрку.

Расейскае выданьне “КоммерсантЪ” прывяло наступныя словы Барыса Беразоўскага адносна Эмануіла Зэльцэра: “Напярэдадні я кантактаваў з Зэльцэрам адносна ягонай паездкі ў Менск і наўпрост сказаў яму, што лічу яго махляром. Але пры гэтым я сказаў яму, што калі ён лічыць, што ў яго ўсе дакумэнты спраўныя, то хай едзе ў Беларусь і даводзіць гэта”.

Паводле “Коммерсанта”, Барыс Беразоўскі мяркуе, што Эмануіл Зэльцэр прыляцеў у Менск, каб вырашыць пытаньне пра маёмасьць, якая належала ў Беларусі нябожчыку Бадры Патаркацышвілі.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр разам з сакратаркай Уладленай Функ былі затрыманыя ў Менску 12 сакавіка паводле абвінавачаньня ў падробцы дакумэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG