Пераклад з ангельскай зрабілі Крысьціна Курчанкова і Зьміцер Магілёўцаў. Гэта ўжо другая кніга славутага ангельца ў перакладзе беларускага дуэта. Першаю быў “Хобіт”, а на падыходзе “Дзьве вежы” і “Вяртаньне караля”. Валянціна Аксак з падрабязнасьцямі.
Жаданьнем падзяліцца любімай кнігай зь сябрамі тлумачыць Крысьціна Курчанкова сваю перакладніцкую працу над творамі Джона Толкіна. У гэтым яе жаданьне супала з ідэяй Зьмітра Магілёўцава.
“Ён прапанаваў чарнавы варыянт. Ён вельмі добра валодае ангельскай мовай, але ня вельмі выдатна беларускай, і шукаў чалавека, які мог бы зь ім у пары зрабіць паўнавартасны тэкст”.
Ад той сустрэчы прайшло чатыры гады творчага супрацоўніцтва. За гэты час з друку выйшаў “Хобіт”. Выдадзены чатыры гады таму, ён ужо стаў бібліяграфічнаю рэдкасьцю. Што яшчэ больш натхніла Хрысьціну і Дзьмітра, і яны цалкам захапіліся трылёгіяй “Валадар Пярсьцёнкаў”. Даведзеная да ладу і выдадзенае першая яго кніга “Зьвяз Пярсьцёнка”, гатовая да вёрсткі другая - “Дзьве вежы”, і ўжо існуе ў чарнавым варыянце пераклад трэцяй - “Вяртаньне караля”.
Трылёгія створаная Толкінам у трыццатыя- пяцідзесятыя гады мінулага стагодзьдзя. Хрысьціна Курчанкова прачытала і захапілася “Валадаром Пярсьцёнкаў” восем гадоў таму. За гэты час падлеткавы чытач ва ўсім сьвеце займеў новага куміра – Гары Потэра. Але перакладчыца не баіцца, што новая мода перашкодзіць шляху герояў Толкіна да беларускіх чытачоў.
“Ёсьць у мяне падазрэньне, што мода на Гары Потэра як узьнікла, так можа і адысьці, хоць там таксама створаны даволі цікавы сьвет, такі паўнавартасны. Але многія творы фэнтэзі і фантастыкі ўзьнікаюць і задуваюцца, а чамусьці гэтая кніга застаецца цікавай і актуальнай. Можа быць таму, што займаўся ёю прафэсіянал, які любіў і са словам пагуляцца, і шмат ведаў. Не, я ўпэўненая, што якраз гэтая кніга, яна не адыдзе”.
І тое, што “Валадар Пярсьцёнкаў” толькі праз паўвеку пасьля зьяўленьня ў арыгінале друкуецца па-беларуску, перакладчыцу не бянтэжыць.
“Ён усё адно патрэбны беларускай літаратуры і хоць крыху са спазьненьнем, але дагнаць яго ўсё-ткі трэба”.
У першай кнізе “Зьвяз Пярсьцёнка” распавядаецца пра тое, што знойдзены Пярсьцёнак улады, існаваньне якога пагражае жыцьцю на Зямлі. Каб зьнішчыць Пярсьцёнак і перамагчы сілы зла людзі, эльфы, ведзьмакі і гобіты яднаюцца ў Зьвяз Пярсьцёнка. Іх чакаюць цяжкія выпрабаваньні…
Кніга выдадзеная на тарашкевіцы, у цьвёрдай вокладцы і з чорна-белымі малюнкамі.