Год таму калектыў стаў сябрам Эўрапейскай тэатральнай канвэнцыі (ETC) і адразу быў намінаваны на гэты “тэатральны Оскар”.
Унесьці беларусаў у сьпіс намінантаў рэкамэндавалі ўладальнік прэміі 2006 году драматург Гаральд Пінтэр, былы прэзыдэнт Чэхіі, ляўрэат прэміі 2002 году Вацлаў Гавэл, прэзыдэнт Эўрапейскай тэатральнай канвэнцыі Жан-Клёд Бэруццы і драматург Том Стопард.
“Свабодны тэатар” патрапіў у лік ганаровых атрымальнікаў прэміі.
Пра свае ўражаньні расказвае заснавальнік і дырэктар “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін:
“Гэта было ў вялікай залі “Ахіліка тэатру” Салёнікаў, які мае статус Каралеўскага тэатру Грэцыі. За два дні мы адыгралі тры спэктаклі, адбылася ўсясьветная прэм'ера спэктаклю “Зона маўчаньня”. Учора быў вялікі сымпозіюм, прысьвечаны ўласна “Свабоднаму тэатру”, а ўжо ўвечары адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэньня ўзнагародаў.
Мы выйшлі на сцэну ўсім тэатрам, ва ўсіх на правай руцэ была павязаная джынсавая стужка. Пасьля атрыманьня ўзнагароды Натальля Каляда выступіла з прамовай, у якой сказала, што нам бы вельмі хацелася, каб эўрапейская прэмія ў адзін з наступных гадоў была ўручана ў Менску, калі Беларусь стане вольнай. Мы дасталі эўрапейскі сьцяг, на якім у цэнтры было напісана “Беларусь”. Таксама выйшаў на сцэну нам дапамагчы Аляксандар Мілінкевіч, які прыехаў падтрымаць нас у Салёнікі. Сьцяг быў уручаны былому міністру культуры Францыі Жаку Лянгу, аднаму з заснавальнікаў гэтай прэстыжнай прэміі”.
Пры канцы мінулага году “Свабодны тэатар” быў уганараваны Міжнароднай прэміяй Францускай Рэспублікі ў галіне правоў чалавека “Свабода. Роўнасьць. Братэрства”. За два гады калектыў пабываў на гастролях, якіх не было за ўсю гісторыю беларускага тэатру — у Нью-Ёрку, Мюнхэне, Парыжы, Лёндане.
Культуроляг Максім Жбанкоў кажа: як і некаторыя іншыя тэатральныя праекты, папулярны за межамі Беларусі, “Свабодны тэатар” на радзіме мае статус “альтэрнатыўнага”. Але гэты статус, паводле экспэрта, вымушаны:
“Я ў свой час пісаў артыкул для чэхаў і пачаў разьбірацца, як яны стварыліся. І атрымалася, што, па-першае, была зацікаўленасьць Халезіна ў сцэнічнай працы. Па-другое, з Купалаўскага тэатру выкінулі рэжысэра Шчэрбаня, літаральна выпхнулі. Па-трэцяе, пачалі забараняць акторам-купалаўцам браць удзел у такіх экспэрымэнтальных праектах. Там адна з акторак напісала п'есу, дык яе не дазволілі паказаць нават для сваіх. І вось так яны пачалі збудоўваць для сябе нейкую асобную пляцоўку. Таму, у прынцыпе, у нас вось гэтая альтэрнатыва ў выпадку таго ж “Свабоднага тэатру” — гэта ў пэўнай ступені вымушаны статус”.
Летась, падчас Генэральнай асамблеі Эўрапейскай тэатральнай канвэнцыі, у якую ўваходзяць вядучыя тэатры больш як 20 эўрапейскіх дзяржаваў, аднагалосным рашэньнем у канвэнцыю быў прыняты “Свабодны тэатар”. У тэатральнай супольнасьці “Свабодны тэатар” на адмысловым рахунку. З-за падпольнага існаваньня на радзіме фінансавая сытуацыя калектыву вельмі хісткая, адміністрацыя ня ў стане сплачваць немалыя штогадовыя складкі. Разумеючы палітычную сытуацыю ў Беларусі, буйныя тэатры на знак салідарнасьці ўнесьлі грошы за “Свабодны тэатар” у складчыну.
“Свабодны тэатар” ня мае ў Беларусі сталых пляцовак, таму паказы, напалову падпольныя, праходзяць ці ў невялікіх клюбах, ці на прыватных кватэрах. Раз-пораз такія андэрграўндныя спэктаклі сканчаюцца “пазасцэнарна”. Летась у жніўні узброеныя спэцназаўцы ўварваліся ў дом на плошчы Бангалёр у Менску і затрымалі больш за 50 гледачоў, артыстаў, спэцыялістаў з Францыі і Галяндыі.
За ўдзел у спэктаклях “Свабоднага тэатру” некаторыя акторы звольненыя зь дзяржаўных тэатраў. Ганна Саламянская — з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Горкага, Марына Юрэвіч — з Драматычнага тэатру беларускай арміі.