Адна з лідэраў Задзіночаньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская так ацэньвае зацікаўленасьць ЗША і Беларусі ў міжкультурным дыялёгу: “Сапраўды гэта ўзаемаўзбагачэньне дзьвюх культур і варта было б узмацняць і працягваць гэтыя кантакты. Прадстаўнікі амэрыканскай амбасады вельмі прыхільна ставіліся да нашых культурніцкіх мерапрыемстваў і імпрэзаў. Праяўлялі вялікую зацікаўленасьць у беларускай культуры, беларускай гісторыі, беларускай музыцы... Вельмі ўважліва ставіліся да тых старонак нашай гісторыі, якія агульныя для нас. Тадэвуш Касьцюшка, прыкладам: нават на тэрыторыі амэрыканскага пасольства стаіць адзіны ў Беларусі помнік гэтаму нацыянальнаму герою, створаны нашым скульптарам Алесем Шатэрнікам на замову амэрыканскай амбасады ”.
Каму выгодна паліць масты?
Прыкметай распаўсюду дыпляматычнага канфлікту ЗША і Беларусі на сфэру міжкультурнага дыялёгу паміж дзяржавамі стала закрыцьцё амэрыканскіх куткоў пры аддзелах замежнай літаратуры ў бібліятэках Беларусі. Калі гэта – знак на спальваньне мастоў паміж краінамі, мы рызыкуем шмат страціць, лічыць Валерыя Клецунова, кіраўніца музэю народнага побыту “Дудуткі”. У прыватнасьці, страцім тэмп разьвіцьця экатурызму:
Натуральна, гэта не назаўсёды, натуральна праз некаторы час пачнецца адліга і мы наноў пачнем рух наперад у галіне аграэкатурызму. Але нас-та абыдуць! Вакол жа – канкурэнцыя! Турызм – гэта высокаканкурэнтны асяродак. Таму першае, што мы згубім – гэта хуткасьць руху. Другое – гэта партнэры і кліенты. Калі няма стабільнасьці ў нас – значыць, няма даверу да нас”.
Амэрыканцы далі вельмі вялікую дапамогу беларускаму агратурызму, кажа Валерыя Клецунова. Гэта – і фінансы, і навучаньне, і стажыроўкі, і экспэртная падтрымка:
“Калі чалавек прыяжджае – экспэрт – чалавек, які бачыў усе краіны, якія на гэтым рынку нам канкурэнты – натуральна, ён лепей бачыць, што падправіць, што падкрэсьліць, у чым наш цымус. Ён бачыць і радзіць: вось гэта ваша канкурэнтны плюс, гэта зрабіце акцэнтам. Ні ў якім выпадку не губляючы, не ўціскаючы аўтэнтычнасьць, пра што яны заўсёды кажуць: заўсёды памятаць, што вы – Беларусь”!
Амэрыканцы выдаткавалі грант на беларускую аўтэнтыку
Зусім нядаўна амэрыканская амбасады ладзіла конкурс грантаў, ськіраваны на захаваньне і папулярызацыю культурнай спадчыны. Пераможца – БДУ культуры і мастацтваў - атрымаў 30 тысячаў даляраў на захаваньне беларускага фальклёру. Распавядае адзін з кіраўнікоў праекту, загадчык кафэдры этналёгіі і фальклёру Іван Крук:
“Падзьвіньне, Паазер’е, Палесьсе, Цэнтральная Міншчына, Панямоньне. Туды разьлічана пэўная колькасьць паездак, пошук незвычаных людзей, фіксаваньне аўтэнтычнай традыцыі. Вынікам мусіць стаць выданьне мультымэдыйнага атласу “Каштоўнасьці нематэрыяльнай культурнай спадчыны”, дзе будзе некалькі гарызонтаў асэнсаваньня праблемы. З аднаго боку, гэта рэгіянальнае дасьледваньне праблемы, зь іншага – пошук незвычайных людзей, якія ведаюць багата казак, народных песень, танцаў, могуць гэта станчыць, прасьпяваць. Мы павінны зрабіць 12 дакумэнтальных фільмаў і плянуем выдаць старонак на 700 зборнік аўтэнтычных фальклёрных запісаў”.
Цяжка пераацаніць унёсак гэтага праекту ў беларускую культуру, кажа Іван Крук:
“Людзі зрабілі добрую справу, выдаткавалі грошы, каб мы езьдзілі і зьбіралі свой беларускі фальклёр! Ім за гэта трэба проста падзякаваць па-джэнтэльмэнску”!
І цяпер пэўная колькасьць беларускіх праектаў у стадыі разгляду амэрыканскай амбасадай. Вынікі будуць абвешчаныя ў чэрвені.