“Савецкая Беларусь”, год 1928. В.Кнорын піша аб палітыцы беларусізацыі: “У бліжэйшы час трэба накіраваць асаблівую ўвагу на распаўсюджаньне беларускай газэты сярод рабочых гораду. Над выкананьнем гэтага заданьня павінна працаваць уся наша партыя. Пераход кожнага рабочага на беларускую газэту азначае фактычны пераход на беларускую мову ў быце і далучэньне да беларускіх форм пралетарскае культуры. {Кожны новы экзэмпляр газэты ў вёсцы азначае ўздым палітычнай і культурнай актыўнасьці новай сялянскай сям’і}”.
“Віцебскі пролетарый” у 1938 годзе друкуе такую аб’яву: “Віцебскі гарадскі і раённы фінансавыя аддзелы і раённы дарожны аддзел паведамляюць усіх асоб Віцебска і раёна, маючых веласіпеды, што яны... павінны выбраць нумарныя знакі і ўплаціць падатак з транспартных сродкаў, у наступных памерах: 1. рабочыя, служачыя, пенсіянеры, вучні, члены арцелей і члены іх сямей, якія знаходзяцца на іх утрыманні і пражываюць у горадзе — 4 руб., у вёсцы — 2 руб. 2. Усе іншыя асобы, пражываючыя ў горадзе, — 12 руб., у вёсцы — 10 руб.”
“Вячэрні Мінск” у 1978 годзе распавядае: “У 1916 годзе вернуты з японскага палону “Вараг” накіраваўся... з Уладзівастока ў Ліверпуль. Качагарам на крэйсеры быў Сямён Ліпскі. Пад уплывам бальшавікоў рэвалюцыйна настроеныя матросы “Варага” ўзнялі на мачтах чырвоныя флагі. Вось тады ўпершыню і сыграў беларускі селянін, які ўсе доўгія гады службы не расставаўся з улюбёным інструментам, гордую мелодыю “Марсельезы”. Пад гукі цымбалаў яе натхнёна спяваў экіпаж паўстаўшага карабля”.