У адмысловай заяве, пададзенай у Сталую Раду АБСЭ ў Вене прыгадваюцца нядаўнія падзеі ў Беларусі – брутальны разгон удзельнікаў мірнага шэсьця 25 сакавіка і масавую атаку на незалежных журналістаў 27 сакавіка.
“Мы заклікаем беларускія ўлады, – гаворыцца ў заяве, – выконваць свае абавязаньні перад АБСЭ што да правоў чалавека і асноўных свабодаў і неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна, а таксама мірных дэманстрантаў і журналістаў, якія былі затрыманыя і зьняволеныя”.
У заяве місіі ЗША пры АБСЭ закранаецца і сытуацыі вакол амбасады ЗША ў Менску:
“Улады Беларусі, якія сьпярша настойвалі на выезьдзе амбасадара а пасьля на зьмяншэньні штату амбасады напалову, цяпер паведамілі, што колькасьць супрацоўнікаў амэрыканскага прадстаўніцтва мусіць быць яшчэ меншай. Мы ня бачым ніякіх разумных падставаў для такіх неабгрунтаваных патрабаваньняў. Больш таго, супрацоўнікі амбасады зазнаюць уціск, а нашы дыпляматы сталіся аб'ектам абразьлівых нападак у падкантрольных уладам сродках масавай інфармацыі безь ніякай на гэта фактычнай падставы”.
У заяве выказваецца шкадаваньне, што “Беларусь выбрала шлях канфрантацыі і ізаляцыі, а не захаваньня правоў чалавека і свабоды”.