Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не ўдаецца стварыць прарасейскую апазыцыю?


Акцыя 2 красавіка, на якую заклікалі прыйсьці палітыкі Валер Фралоў і Уладзімер Парфяновіч, сабрала некалькі дзясяткаў чалавек. Чаму за ўсе апошнія гады ў Беларусі не ўдаецца стварыць прарасейскую апазыцыю? Ці мае гэтая палітычная ніша пэўны патэнцыял? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.


Цыганкоў: “2 красавіка ў нашым ранішнім эфіры Ўладзімер Парфяновіч даказваў, што большасьць беларусаў за аб’яднаньне з Расеяй. За мінулыя гады здараліся і ранейшыя палітычныя спробы зарабіць палітычны капітал на гэтай тэме напрыклад, Леанід Сініцын. Але яны былі ў цэлым безвыніковыя. Чаму?”



М
ацкевіч: “Па-першае, гэта няпраўда, што большасьць беларусаў за аб’яднаньне беларусаў з Расеяй. На сёньняшні дзень, напэўна, перавагу ў беларускім грамадзтве маюць каштоўнасьці незалежнасьці. І ў першую чаргу ад Расеі, бо ніхто іншы не пагражае скасаваньнем нашай незалежнасьці.

Ніхто з беларусаў не жадае канфрантацыі з Расеяй,але і губляць незалежнасьць ніхто не зьбіраецца. Таму гэты афіцыёзны “дзень яднаньня” нікога не прываблівае. Што б там не казалі некаторыя маргінальныя палітыкі, якія не жадаюць лічыцца з вынікамі сацыялягічных апытаньняў і з здаровым сэнсам”.


Цыганкоў: “Але пэўная прыхільнасьць да Расеі ў пэўнай часткі грамадзтва ўсё ж ёсьць.. Чаму яны ніяк не аб’ядноўваюцца палітычна? Ці не таму, што Аляксандар Лукашэнка пакрывае сваёй палітыкай увесь прарасейскі электарат?”

Мацкевіч: “Ня думаю, што ўвесь прарасейскі электарат за Лукашэнку. Значная частка прарасейскіх прыхільнікаў і этнічных расейцаў у Беларусі маюць дэмакратычныя прыхільнасьці. Ім не падабаецца ўлада Лукашэнкі, але прывабных лідэраў яны сабе не знаходзяць.”

Цыганкоў: “Ва Ўкраіне, напрыклад, у цэлым больш моцныя нацыянальныя пачуцьці, -- але там ёсьць блёк прарасейскіх партыяў, якія так і называюцца “Расейскі блёк”. А ў Беларусі нічога такога няма. Ці мае, аднак, гэта палітычная ніша нейкі патэнцыял?”

Мацкевіч: “У прынцыпе мае. Праблема, аднак, у тым, што ніхто не жадае падмацаваць гэты наяўны электаральны патэнцыял нейкімі матэрыяльнымі электаральнымі дзеяньнямі. Трэба камусьці гэта арганізаваць. А калі некаторыя нашы палітыкі думаюць, што дастаткова толькі заклікаць, нічога ня робячы -- не, закліку недастаткова.

Калі вы хочаце мець “на Бангалоры” хоць штосьці, што будзе ўражваць іншых, то спачатку забясьпечце нейкую колькасьць, крытычную масу -- і гэта забясьпечваецца вашымі дзеяньнямі, галовамі, рукамі і нагамі. А ўжо потым дакладайце да гэтага інфармацыйны піяр. І тады да гэтай крытычнай масы далучацца сотні людзей – а інакш не бывае”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG