Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прастытутак будуць саджаць на суткі, як і апазыцыянэраў?


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі (МУС) ініцыюе ўзмацненьне адказнасьці за занятак прастытуцыяй. У прыватнасьці, ведамства маецца ўнесьці дадатак ў заканадаўства, згодна зь якім за “амаральныя паводзіны” жанчынам пагражае адміністратыўны арышт. Цяпер у Беларусі няма крымінальнай адказнасьці за прастытуцыю, але на злоўленую за руку прастытутку могуць скласьці пратакол і яна заплаціць штраф. З улікам, што практычна ўсе прадстаўніцы сфэры інтыму фармальна беспрацоўныя, іх могуць прымусіць адпрацаваць пакараньне праз грамадзкія працы.


Дэпартамэнт наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі МУС Беларусі ў “выхаваўчых мерах” плянуе ўвядзеньне адміністратыўнага арышту за прастытуцыю. “Чалавек павінен пасядзець і падумаць – чым ён займаецца”, -- патлумачыў на прэсавай канфэрэнцыі выканаўца абавязкаў кіраўніка згаданага дэпартамэнту Сяргей Калтун.

Сэкс-рынак у чаканьні пераменаў?


Ці пасьля гэтых словаў сілавіка, ці яшчэ зь якіх прычынаў, але мабільныя тэлефоны менскіх “інтэрнэт-крамаў”, якія прапаноўваюць інтым-паслугі, не адказваюць. Зазыўныя нумары з прапановай “дэмпінгу” – 50 даляраў за гадзіну і 200 за ноч -- цяпер павальна недаступныя. Па некаторых стацыянарных нумарах абураюцца, што тут жывуць “прыстойныя сем’і”, а ніякай згаданай у аб’явах Эвы няма. Падобна на тое, што эратычны рынак заціх у напружаньні ад далейшых захадаў уладаў.

прастытуцыя – гэта такая ж прафэсія, як і астатнія: прыбіральшчыца, гандлярка, цырульніца...
У выніку ўсё ж выйшаў на жанчыну, якая займаецца антызаконнай з гледзішча МУС справай у рэжыме “ад выпадку да выпадку”:

“Мне такое рашэньне падаецца абсалютна абсурдным. Кожная жанчына вольная зарабляць на жыцьцё так, як лічыць патрэбным. І калі хтосьці лепей раскіне мазгамі, то прастытуцыя – гэта такая ж прафэсія, як і астатнія: прыбіральшчыца, гандлярка, цырульніца...”

А вось прадстаўнікі жаночых арганізацый неадкладна адгукнуліся на захады сілавікоў. Гаворыць экспэртка у гендэрных пытаньнях, фэміністка паводле перакананьня Юлія Міцкевіч:

“Караць можна колькі заўгодна. Пытаньне ў іншым – за што? У нас ёсьць гэткае стэрэатыпнае ўяўленьне, што прастытуткамі становяцца дзеля задавальненьня. Але ж насамрэч часта гэта выбар без выбару, калі сапраўды жанчына вымушана ісьці туды, дзе яна можа зарабіць тую суму, якая неабходная ёй для сябе і перш за ўсё для сваёй сям’і. Тое сацыяльнае ўладкаваньне, якое існуе ў гэтым грамадзтве, не прадстаўляе ёй іншага выбару. Вельмі лёгка сказаць: усе прастытуткі такія амаральныя, яны проста ня хочуць працаваць на іншай працы – прыбіраць вуліцу ці яшчэ штосьці. Але ў першую чаргу трэба ацэньваць, колькі жанчына можа зарабіць на іншай працы, ці хопіць ёй гэтага дзеля таго, каб, утрымліваць, напрыклад, хворую маці ці двух дзяцей без мужа. Шмат у якіх прастытутак менавіта такая сытуацыя”.


Моладзевая актывістка Надзея Сычугова некалькі разоў брала ўдзелы ў эўрапейскіх сэмінарах, дзе так ці інакш закраналася тэма свабоды выбару для кожнага чалавека:

Лічу, што ўсё ж кожная жанчына займаецца тым, чым ёй трэба, што ёй хочацца
“Я магу хіба толькі нэгатыўнае стаўленьне выказаць да такой ініцыятывы. Бо лічу, што ўсё ж кожная жанчына займаецца тым, чым ёй трэба, што ёй хочацца. У тым ліку і прастытуцыяй. Безумоўна, з гледзішча сілавікоў гэта амаральна, але ж выбар урэшце павінен належаць жанчыне, а ня ўладзе, якая там штосьці дазваляе ці не дазваляе. Тым больш, пры любых забаронах ўсё роўна гэта сыдзе ў падпольле, у падзем’е ці яшчэ кудысьці. І ўрэшце можа быць яшчэ горш”.

Паводле статыстыкі Дэпартамэнту наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі МУС Беларусі, у банку дадзеных жанчын, якія займаюцца прастытуцыяй, больш за тры тысячы прозьвішчаў. Яшчэ раней МУС прапаноўваў арганізаваць для іх грамадзкія працы, але на практыцы аказалася, што пераапрануць эфэктную “жрыцу” у брудную спэцоўку амаль нерэальна.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG