24 сакавіка ў Менску працягнецца напісаньне агульнанацыянальнай дыктоўкі, прымеркаванай да 90-х угодкаў БНР. Арганізатары запрашаюць жадаючых напісаць дыктоўку а 16-ай гадзіне ў Палацы мастацтваў. Таксама сёньня правядуць паседжаньне ініцыятары стварэньня Інстытуту нацыянальнай памяці. Сустаршыня аргкамітэту Інстытуту пісьменьнік Васіль Якавенка распавёў пра мэту паседжаньня: распачаць пошук гістарычных зьвестак пра тых заснавальнікаў БНР, якія пакуль мала вядомыя:
“Гэта недзе 20-30 прозьвішчаў. На жаль, ня ўсіх мы можам уявіць у тых гістарычных абставінах, бо мала пра іх ведам, нават далейшыя лёсы не ўяўляем. Мяркую, гісторыя вымагае ад нас гэтых дасьледаваньняў”.
25 сакавіка ў Беларусі адзначаць 90-годзьдзе ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. У Менску цэнтральным мерапрыемствам стане шэсьце у цэнтры гораду з ускладаньнем кветак да помнікаў Якубу Коласу, Янку Купалу, Максіму Багдановічу й Адаму Міцкевічу. Напярэдадні гарадзкія ўлады не далі дазволу на правядзеньне акцыі паводле прапанаванага апазыцыянэрамі маршруту, але арганізатары шэсьця не саступаюць. Старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі ня лічыць, што ўлады пойдуць на разгон сьвяточнай акцыі”:
“Улада хоча сябраваць з Эўропай, яна пра гэта сама заяўляе. Таму, мяркую, не ў яе інтарэсах рабіць са сьвята нейкую брутальную сцэну. Бо акцыя ўсё ж плянуецца сьвяточная, без акцэнту на нейкі пратэст. Разганяць такую акцыю будзе неразумна”.
26 сакавіка ў Вярхоўным судзе Беларусі будзе пастаўленая кропка ў працэсе над былым старшынёй “Белнафтахіму” Аляксандрам Бароўскім. Абвінавачаны выступіць з апошнім словам. Назіральнікі не выключаюць, што ў той жа дзень прагучыць і прысуд. Напярэдадні прадстаўнік пракуратуры запрасіў для Аляксандра Бароўскага 6 гадоў зьняволеньня, ён лічыць віну былога старшыні “Белнафтахіму” даказанай. Інакш мяркуе адвакат абвінавачанага Зьміцер Гарачка:
“Так, пракуратура засталася на сваёй пазыцыі, што ён нібыта вінаваты. Але я лічу, што гэта недакладна, бо нічым не даказана. Проста пракуратура мусіць падтрымліваць пазыцыю, якую заявіла ў гэтай справе дзяржава”.
26 сакавіка сталаму прадстаўніцтву Беларусі пры ААН спаўняецца 50 гадоў. Гэта старэйшая замежная ўстанова краіны.
Былы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, што цяпер Беларусь не адпавядае высокім стандартам ААН:
“Мы ведаем, што за парушэньні правоў чалавека Беларусь знаходзіцца ў шэрагу тых краінаў, па якіх прымаюцца адмысловыя рэзалюцыі ААН”.
27 сакавіка ў Полацкім судзе пачнецца працэс над маладзёвай актывісткай Кацярынай Салаўёвай.
Кацярына Салаўева – дзясятая па ліку актывістка, якую будуць судзіць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Цягам навучальнага года Кацярыну адлічылі з 2-га курсу гістарычна-філязофскага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Дзяўчыне пагражае да 2 гадоў зьняволеньня, яе будзе судзіць судзьдзя Марозава.
30 сакавіка ў Варшаве адбудзецца канцэрт беларускіх і польскіх рок-гуртоў “Салідарныя зь Беларусьсю”. Канцэрты з такой назвай ладзяцца ўжо некалькі гадоў запар і адмыслова прысьвячаюцца Дню Волі. Лідэр групы N.R.M. Лявон Вольскі пра канцэрты ў Варшаве:
“Там вельмі сьвяточная атмасфэра, ладзяцца розныя музыкальныя акцыі. Гэтак штогод – там вельмі цікавыя музычныя праекты”.