Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пісалі дыктоўку й глядзелі “Тутэйшых” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Магілёве пісаць пад дыктоўку прадмову да зборніка Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская” прыйшлі больш за пяцьдзесят чалавек.


Па сканчэньні дыктоўкі ў прыватным грамадзкім цэнтры для магілёўцаў адкрылі выставу й прэзэнтавалі дакумэнтальную стужку “Беларускі антысавецкі супраціў 1944-1957 гадоў”. Завяршыўся сёньняшні сьвяточны дзень у Магілёве прэм’ерай фільму “Тутэйшыя”, зьнятага для тэлеканалу “Белсат”.

У Магілёве пісаць агульнанацыянальную дыктоўку прыйшлі больш за пяцьдзесят чалавек – гэта палітыкі, грамадзкія дзяячы ды проста неабыякавыя да беларускай мовы людзі.

Дыктоўку арганізавала мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы. А трынаццатай гадзіне кіраўнік суполкі Алег Дзьячкоў абвясьціў:

“Шаноўная грамада! Дзевяноста год таму беларусы перш-наперш для сябе, а потым для ўсяго астатняга сьвету абвясьцілі, што на гэтай зямлі гаспадары яны. Адным з сымбаляў, таго, што тут гаспадары беларусы, зьяўляецца беларуская мова. Сёньня адбываецца па ўсёй Беларусі першая агульнанацыянальная дыктоўка”.

Чытала дыктоўку філёляг Алена Асадчая:

“Дваццаць трэцяга сакавіка. Дыктоўка. Назва дыктоўкі: “Прадмова да зборніка Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская”. Слухаем уважліва ўвесь тэкст. “Братцы мілыя. Дзеці зямлі маткі маёй. Вам ахвяруючы працу сваю мушу з вамі пагаварыць трохі пра нашу долю нядолю”.

Дыктоўку настаўніца чытала больш за гадзіну. Ці паслухмянымі былі вучні й як ёй працавалася?

“Аўдыторыя паводзіла сябе цудоўна, але цяжка чытаць было. Вялікі тэкст, і на дыктоўках заўжды стамляесься. Асабліва пры такім памеры, больш за гадзіну яе пісалі. Зразумела, што стамляесься”.

На праверку дыктоўкі здалі больш за дваццаць чалавек. Алена Асадчая перакананая, што адзнакі будуць добрыя.

На дыктоўку прыйшлі й чацьвёра школьнікаў. Наймалодшым з іх – Яраславе й Паліне – па сем гадоў. Яны сьпісвалі з дошкі нескладаныя беларускія словы.

Трынаццацігадоваму Ігару й дзесяцігадовай Яніне спадабалася пісаць дыктоўку разам з дарослымі. А ці складаная яна была для іх. Вось меркаваньне Яніны:

“Дыктоўка была не складаная. Я яе здала на праверку й спадзяюся атрымаць васьмёрку”.

Дыктоўка скончылася, але магілёўцаў чакалі неспадзяванкі: выставы ды дзьве прэзэнтацыі. Пра іх пад сакрэтам расказаў “Свабодзе” Франак Вячорка:

“Выстава называецца “Славутыя асобы Беларусі. У выставе прэзэнтаваныя літаграфіі Ляільлі й Валянціна Варэцаў, а таксама графіка маладога мастака Зьмітра Шапавалава. Поруч з адкрыцьцём выставы адбудзецца прэм’ерны паказ фільму студыі “Партызанфільм”, які называецца “Беларускі антысавецкі супраціў 1944-1957 гадоў”. Фільм “Тутэйшыя”, які быў зьняты пару тыдняў таму й днямі быў закончаны для каналу “Белсат”. Па шчасьлівай волі лёсу, Магілёў будзе першым беларускім горадам, дзе адбудзецца публічная прэзэнтацыя гэтага фільму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG