У пастарунку №8 Ленінскага аддзелу міліцыі актывістам патлумачылі, што іх затрымалі нібыта за спробу зьбегчы зь месца меркаванага правапарушэньня.
У тэлефоннай гутарцы Сяргей Нягацін паведаміў “Свабодзе”, што міліцыянты дапыталі яго й Мікалая Шылінава й ня выявілі ў іх дзеяньнях правапарушэньня.
“Міліцыянты прызналі, што мы вывешвалі друкаваныя матэрыялы ў дазволеным месцы, на інфармацыйным стэндзе. У пастарунку ў нас, аднак, канфіскавалі трыццаць запрашэньняў на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам і дваццаць выбарчых плякатаў палітыка з 2006 году”, зазначыў Сяргей Нягацін.
Сяргея Нягаціна й Мікалая Шылінава затрымалі ўчора блізу 22 гадзінаў. Актывісты вывешвалі на стэнд аб’яваў Дубравенкаўскага рынку запрашэньні на заўтрашнюю сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам і выбарчыя плякаты палітыка з 2006 году.