Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Луканіна прыцягнуць да адказнасьці за подпісы


Суд можа аштрафаваць верніка на 50 базавых велічыняў – гэта 1 мільён 750 тысяч рублёў. Позву ў пракуратуру атрымаў таксама й пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка.


Пракуратура Менску накіравала ў суд пастанову аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці юрыста пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” Сяргея Луканіна за збор подпісаў грамадзянаў пад зваротам у Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем унесьці зьмены ў Закон аб рэлігіі.

Сяргею Луканіну ў пракуратуры паведамілі, што ён парушыў заканадаўства і паказалі артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якога прадугледжаны штраф за невыкананьне неабходных працэдураў.

Юрыст царквы настойвае, што пад звычайным лістом падпісаліся больш за 50 тысяч грамадзянаў Беларусі.

Нагадаем: візыт у Канстытуцыйны суд адбыўся у рамках кампаніі ў абарону свабоды веравызнаньня. Аўтары звароту патрабуюць, каб скасавалі абавязковую рэгістрацыю рэлігійных суполак, абавязковы дазвол на правядзеньне набажэнстваў, а таксама прапануюць унесьці зьмены ў закон “Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў”.

Канстытуцыйны суд наведалі палітык Павал Севярынец і юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін. Тады супрацоўнікі апарату Канстытуцыйнага суду паведамілі, што спачатку пералічаць і правераць усе подпісы і толькі пасьля гэтага зарэгіструюць заяву вернікаў.

“Чынавенства спалохалася, што за такі кароткі тэрмін было сабрана больш за 50 тысяч подпісаў”

Сяргей Луканін заявіў “Свабодзе”, што выклік у пракуратуру ён расцэньвае як спробу спыніць грамадзкія ініцыятывы для ўнясеньня зьменаў у заканадаўства ў адпаведнасьці з нормамі Канстытуцыі і міжнароднага права.

“Замест таго, каб разгледзець наш ліст, Канстытуцыйны суд перадаў яго ў пракуратуру. Тых, хто падпісаў зварот у Канстытуцыйны суд, прыцягваюць цяпер да адміністрацыйнай адказнасьці. Чынавенства спалохалася, што за такі кароткі тэрмін было сабрана больш за 50 тысяч подпісаў. Мы зьвярталіся толькі да невялікай колькасьці грамадзянаў нашай краіны. Падпісваліся больш за палову з тых, да каго мы зьвярталіся. Так што подпісаў магло быць значна больш. Чынавенства гэта таксама разумее. Магчыма, такім чынам улады намагаюцца спыніць такія грамадзянскія ініцыятывы”.

Пастара царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнку выклікаюць у пракуратуру 24 сакавіка. Вернікі назвалі сымбалічным тое, што за 50 тысяч подпісаў ініцыятарам кампаніі пагражае 50 базавых велічыняў штрафу. Атрымліваецца, што за кожную тысячу сабраных подпісаў давядзецца плаціць 35 000 рублёў. Пратэстанты лічаць, што выклік у пракуратуру пастара царквы ў велікодны панядзелак выглядае як зьдзек з усіх вернікаў-пратэстантаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG