Карэспандэнт: Пасьля ад’езду зь Менску Вы ў Брусэлі сустракаліся з прадстаўнікамі кіраўніцтва Эўразьвязу. У чым падабенства і ў чым адрозьненьне палітыкі ЗША і Эўразьвязу што да Беларусі? Якія крокі могуць зрабіць краіны Эўразьвязу ў падтрымку свайго амэрыканскага саюзьніка ў амэрыканска-беларускім дыпляматычным канфлікце?
Ст'юарт: Я спынілася ў Брусэлі па дарозе дадому менавіта таму, што мы вельмі шчыльна каардынуем нашу палітыку з палітыкай Эўразьвязу. І гэта была магчымасьць і мне, і намесьніку памочніка дзяржсакратара спадару Крэймэру спаткацца з прадстаўнікамі Зьвязу.
Падчас нашых сустрэчаў была падкрэсьленая агульная мэта -- каб у Беларусі паважаліся правы чалавека і выконваліся дэмакратычныя стандарты. Мы падзяляем і больш канкрэтную мэту – вызваленьне спадара Казуліна, як апошняга зь міжнародна прызнаных палітычных вязьняў. Гэта ўсё было пацьверджана.
Краіны-чальцы Зьвязу таксама выказалі заклапочанасьць у сувязі з ростам ціску на мяне і на нашае пасольства з боку беларускіх уладаў. Эўразьвяз распрацоўвае свае падыходы, каб данесьці гэтую сваю заклапочанасьць да беларускіх уладаў. Мы, ЗША, – адна краіна, а Эўразьвяз – гэта саюз краінаў, і безумоўна ёсьць пэўныя разыходжаньні ў тактыцы. Але нашы пазыцыі застаюцца вельмі блізкія і скаардынаваныя ў тым, што тычыцца стратэгічнага падыходу.
Карэспандэнт: Ужо пасьля Вашага ад’езду зь Менску была агучаная настойлівая рэкамэндацыя МЗС Беларусі скараціць пэрсанал пасольства ЗША ў Менску. Чым беларускі МЗС тлумачыць сваю рэкамэндацыю, наколькі істотнага скарачэньня пасольства дамагаецца? Якой будзе рэакцыя ЗША?
Ст'юарт: Мы імкнёмся высьветліць, чым яны абгрунтоўваюць гэтыя просьбы. Выглядае, што яны хочуць, каб наша пасольства мела роўна столькі ж супрацоўнікаў, колькі беларускае пасольства ў ЗША. Але мы ня лічым, што Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах вымагае гэткай роўнасьці. Так што мы працягваем абмяркоўваць іх просьбу.
Карэспандэнт: У сувязі з ад’ездам з Вашынгтону пасла Хвастова і Вашым ад’ездам зь Менску – ці захаваюць ЗША каналы сувязі з афіцыйным Менскам? Ці прадмета для размоваў наагул няма, пакуль Менск ня выканае ўмовы, якія сталі прычынай амэрыканскіх санкцый?
Ст'юарт: Мы заўсёды трымаем каналы камунікацыі адкрытымі. Але Вы маеце рацыю ў тым, што каб сапраўды палепшыць сытуацыю ў двухбаковых стасунках, яны мусяць выканаць абавязак вызваліць усіх палітычных вязьняў. Гэта істотна зьменіць атмасфэру двухбаковых адносінаў.
ЗША сочаць за справамі Кіма і Парсюкевіча
Карэспандэнт: “У Беларусі распачатыя крымінальныя справы супраць Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. На думку праваабаронцаў гэтыя справы палітычна матываваныя. Ці надаюць Злучаныя Штаты ўвагу гэтым справам, ці будуць яны забытыя, калі, скажам, Аляксандар Казулін выйдзе на волю?”
Ст'юарт: "Безумоўна, я ведаю пра гэтыя дзьве справы. Мы пільна сочым за іх хадой. Пакуль няма ніякіх прысудаў, я не магу гадаць, ці патрапяць яны ў сьпісы палітвязьняў. Але безумоўна ў нашых гутарках з беларускімі ўладамі мы заўсёды заклікаем, каб было дазволенае мірнае выказваньне думак, і каб беларускія ўлады не ўскладнялі праблему, дадаючы ў сьпісы палітычных вязьняў новых асобаў. Але пакуль цяжка сказаць, чым усё скончыцца з прыгаданымі Вамі справамі”.
Карэспандэнт: ”30 сьнежня 2007 году і сёлета ў лютым Аляксандар Лукашэнка публічна папракаў Вас кантактамі з апазыцыяй і Вашымі рэзкімі заявамі. У якой ступені пасол вольны ў сваіх паводзінах, заявах і сустрэчах: ён мае пэўную свабоду рабіць ці не рабіць нешта ці лінія ягоных паводзінаў жорстка вызначаецца кіраўніцтвам краіны, якая яго паслала?”
Ст'юарт: "Паводле Венскай канвэнцыі пасол мае даволі высокую ступень свабоды дзеяньняў. Дыпляматычнае прадстаўніцтва знаходзіцца на месцы падзеяў, каб мець кантакты і сувязі з усімі слаямі грамадзтва. Гэта ня толькі міжурадавыя сувязі. Пасольствы хочуць таксама сустракацца з чальцамі грамадзянскай супольнасьці, назіраць за тым, што робіцца ў краіне, выказаць амэрыканскі погляд і рэакцыі на падзеі. У такіх агульных рамках працуюць усе паслы, у тым ліку і я”.
Вызваленьне Казуліна -- найлепшы шлях да супрацоўніцтва
Карэспандэнт: "У якой ступені ЗША прадбачылі такую рэакцыю беларускага боку на ўвядзеньне эканамічных санкцыяў? Ці меркавалася, што Менск прыме ўмовы, якія сталі прычынай санкцый, у прыватнасьці, што ў адказ на санкцыі будзе вызвалены Аляксандар Казулін?"
Ст'юарт: "Вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў, у тым ліку і Казуліна -- гэта была тая рэакцыя, на якую мы спадзяваліся. Што рэакцыя можа быць нэгатыўнай, мы таксама улічвалі. Мы мусілі мець гэта пад увагай, але мы спадзяваліся і далей спадзяемся, што беларускія ўлады пабачаць, што найлепшы спосаб палагодзіць адносіны з намі і не паглыбляць гэты дыпляматычны крызыс -- гэта зрабіць менавіта тыя крокі, пра якія яны раней казалі, што зробяць іх. Гэта значыць паказаць сваю зацікаўленасьць у рэформах і супрацоўніцтве з Захадам”.
Карэспандэнт: "Як бы Вы пракамэнтавалі арышт у Менску амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра? Ці зьвязаны гэты арышт з канфліктам афіцыйнага Менску з урадам ЗША?"
Ст'юарт: "Я ведаю, што быў гэты арышт. Але паводле амэрыканскіх законаў аб абароне прыватнага жыцьця я ня маю права камэнтаваць дэталі наконт гэтага амэрыканца. Асабіста я ня бачу падставаў зьвязваць гэта зь іншымі справамі”.
"Апазыцыйны рух расьце і сталее"
Карэспандэнт: "Пытаньне нашага слухача: “У чым, на Ваш погляд, ня мае рацыі беларуская апазыцыя? Ці не шкада Вам грошай амэрыканскіх падаткаплацельшчыкаў на падтрымку гэтай вельмі сумнеўнай "грамадзянскай супольнасьці"? Я сам сябра адной дэмакратычнай партыі, але часам, гледзячы на гэтую дзейнасьць, мне робіцца сорамна за тое, што я апазыцыянэр".
Ст’юарт: “Я займаюся беларуска-амэрыканскімі адносінамі на працягу 6 гадоў. І я назіраю, як беларускі апазыцыйны рух расьце і сталее за гэты час. Я магу пагадзіцца, што яшчэ патрэбная праца па захаваньні адзінства, нягледзячы на тое, што ў апазыцыі прадстаўленыя розныя сілы з рознымі поглядамі. Трэба захаваць адзінства, трэба навучыцца працаваць з тымі праблемамі, якія сапраўды важныя людзям. Я думаю, што гэта ўсё тыя рэчы, якія будуць разьвівацца з цягам часу”.
"Санкцыі скіраваныя толькі на кіраўнітва Беларусі"
Карэспандэнт: ”Наш слухач пытаецца, ці могуць закрануць амэрыканскія санкцыі грамадзянаў Беларусі, якія працуюць ці вучацца ў ЗША?
Ст’юарт: “Не, нашая палітыка санкцый вельмі дакладна скіраваная на кіраўніцтва Беларусі і на маёмасьць, якую кантралюе гэтае кіраўніцтва . Мы ня хочам наносіць шкоду беларускім грамадзянам, студэнтам у Амэрыцы. Ні ў якім выпадку”.
Карэспандэнт: ”І апошняе пытаньне, зноў жа ад нашага слухача -- як Вы цяпер праводзіце час, ці сумуеце па Менску? І калі так, то чаго Вам найбольш не хапае?”
Ст’юарт: “Я страшэнна сумую па Менску. Я была б нашмат больш шчасьлівая, калі б знаходзілася там. Але я вельмі занятая тут, паколькі я ў пастаянным кантакце са сваім пасольствам і з тым, што там адбываецца, як мы вырашаем праблему з гэтымі апошнімі патрабаваньнямі беларускіх уладаў. Я тут зусім не на вакацыях, я вельмі цяжка працую. Найбольш я сумую па людзях, я кожную раніцу прачынаюся і думаю пра тых людзей у Беларусі, зь якімі я хацела бы быць побач”.