Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі: “Злачыннасьць у нашай квітнеючай краіне расьце”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


18 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі сілавых структураў. Кіраўнік краіны абвінаваціў “сілавікоў” у тым, што яны бязьдзейнічаюць, калі ў краіне ўзьнікае палітычная напружанасьць і працягвае абвастрацца крымінагенная сытуацыя. Паводле Лукашэнкі, Беларусь можа апынуцца ў цэнтры новай, больш напружанай сытуацыі. Пры гэтым ён згадаў сытуацыю ў Косава і разьмяшчэньне ў Эўропе элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны.

На гэтую тэму — водгук нашай слухачкі:

Спадарыня: “З жалем даведалася з учорашняга “бацькавага” выступу, што злачыннасьць у нашай квітнеючай краіне няўхільна расьце. Шкада толькі, што не былі агучаныя прычыны гэтага росту. Яны ж вядомыя. Карані злачыннасьці, перш за ўсё, сацыяльныя: гэта беднасьць асноўнай часткі насельніцтва, прававое самаўладзьдзе чыноўнікаў пры поўным бяспраўі і безабароннасьці чалавека перад імі, гэта алькагалізацыя і маральная дэградацыя людзей, гэта сытуацыя, пры якой сумленная праца перастае быць крыніцаю матэрыяльнага дабрабыту сям'і, а простыя і зразумелыя законы не працуюць. Чаму ж тут зьдзіўляцца?“

Днямі былы начальнік СІЗА № 1 у Менску, палітуцякач Алег Алкаеў далучыўся да галадоўкі Аляксандра і Сяргея Скрабцоў. Браты Скрабцы дамагаюцца вызваленьня палітвязьняў. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Спадарыня Галіна, Магілёў: “У Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул пра крымінальную адказнасьць для асобаў, якія садзейнічаюць давядзеньню да самагубства. Усе, хто садзейнічаў арышту, а затым асуджэньню на 5,5 год Аляксандра Казуліна, павінны несьці крымінальную адказнасьць за беларускіх грамадзянаў, якія галадаюць у цяперашні час. Тэрмінова забясьпечыць Казуліну свабоду і тым самым прадухіліць страту здароўя галадоўнікаў, а магчыма, і іх пагібель”.

Аляксандар, Маладэчна: “Каб галадоўка лічылася галадоўкай, яна павінна ажыцьцяўляцца па пэўных правілах пэўным чынам. Так любы чалавек можа аб'явіць, што ён галадае. Вы вось Скрабцам робіце піяр, Алкаеву робіце піяр”.

Слухачу адказвае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, які неаднойчы трымаў галадоўкі пратэсту:

“Мне цяжка адказваць, бо я ня ведаю правілаў, паводле якіх ладзяцца галадоўкі. Калі гэты чалавек ведае, ён мог бы растлумачыць. Трэба нас замкнуць у кляштары? Ці прыставіць да нас ахоўнікаў з каманды Лукашэнкі? Ці нейкія грамадзкія дзеячы павінныя правяраць нашыя лядоўні? Якія правілы павінны быць?

Маёрчык: “Я ўзгадваю галадоўку, якую ладзілі дэпутаты групы “Рэспубліка”. Тады ўсе былі разам.”

“Тады ў нас ніхто адзін аднаго не пільнаваў. Калі трэба было выйсьці, людзі выходзілі. Калі б трэба было паціху нешта зьесьці, людзі б елі. Але сэнс палітычнай галадоўкі ў тым, што людзі дамаўляюцца ня есьці не для таго, каб за імі нехта сачыў, а на знак салідарнасьці з палітвязьнямі”.

Мы працягваем атрымліваць водгукі на здарэньне 2 сакавіка. Каб затрымаць нецьвярозага кіроўцу, які ехаў на вялікай хуткасьці, супрацоўнікі ДАІ арганізавалі жывы шчыт з прыватных аўтамабіляў.

Спадар: “Вось ужо некалькі дзён абмяркоўваюцца дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ. Я цалкам згодны з тым, што яны былі, мякка кажучы, непрафэсійнымі. І яшчэ хачу дадаць, што замест рэальнай працы — навядзеньня парадку на дарогах — разьдзімаюцца паказушныя акцыі накшталт “Усім начапіць флікеры!”, а цяпер вось, чуў, акцыя “Сеў на вэлясыпэд, апрані камізэльку”. Пэўныя камэрцыйныя структуры атрымліваюць ад гэтага звышпрыбыткі, а карысьці — як з казла малака. Чаму я павінен гэтую камізэльку начапляць, калі ў мяне на вэлясыпэдзе аж 5 сьвятлоадбівальнікаў яшчэ на фабрыцы былі прымацаваныя? Была ж у правілах дарожнага руху карысная зьмена, каб у зімовы час машыны рухаліся з уключаным сьвятлом. Бач ты, не спадабалася галоўнаму даішніку, і выдумляюць усялякія акцыі. Але як пешаходаў не прапускалі кіроўцы, як размаўлялі па сотавым падчас руху, тое самае і цяпер робіцца. Парадак трэба наводзіць, а не высмоктваць з пальца розныя акцыі”.

Сёньня мы атрымалі і такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Падкажыце спадарожнік і частату “Белсату”.

Шаноўны слухач, прымаць праграмы гэтага каналу можна праз спадарожнік “Астра”. Парамэтры настройкі: Астра 1 Кr, пазыцыя 19,2° на ўсход, гарызантальная палярызацыя, частата 10773 МГц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG