Цягам двух дзён над Сьветлагорскам, пасёлкамі Парычы і Сасновы Бор кружыў самалёт “Ан-2” з памаранчавымі крыламі і надпісам “МЧС”, які ў народзе называюць “кукурузьнікам”. Мясцовыя жыхары доўга не маглі зразумець мэту палётаў. Аказалася, самалёт-выведнік выкарыстоўваюць сьветлагорскія камунальнікі. Распавядае галоўны інжынэр Сьветлагорскага жыльлёва-камунальнага прадпрыемства “Сьветач” Сяргей Бяздольны.
“Асноўная мэта – высьветліць, дзе ідуць цеплавыя страты ў вонкавых цепласетках і ў жылых дамах. І другая карысьць – што гэта дапамагло выявіць незаконныя ўрэзкі, падключэньні. Але асноўная мэта – вызначыць страты. У першую чаргу замена цеплавых сетак адбудзецца там, дзе гэтыя страты найбольш істотныя, дзе ёсьць ўцечка цеплавой энэргіі. І тое ж самае – па мадэрнізацыі жылых дамоў”.
Асноўная мэта – высьветліць, дзе ідуць цеплавыя страты ў вонкавых цепласетках і ў жылых дамах. І другая карысьць – што гэта дапамагло выявіць незаконныя ўрэзкі, падключэньні
“Усё бачна з дапамогай прыбора “Цеплавізар”. Калі яны пралятаюць над тэрыторыяй, ўсё здымаецца, і на мапе гораду бачна, дзе ёсьць страты цяпла. Гэтыя аб’екты сьвецяцца ў інфрачырвоным апраменьваньні. Гэта цуда-тэхніка належыць Гомельскаму інжынэрнаму інстытуту Міністэрства надзвычайных сытуацыяй. Але яны сакрэты свае не раскрываюць. Яны працавалі ў нас па дамове, выканалі аб’ём працы, а нам прадаставілі мапы, альбомы. Да таго ж, на кампутары можна ўсё ўбачыць”.
У якую “капейчыну” абышлося выкарыстаньне самалёта цягам двух дзён, камунальнікі не паведамляюць.