Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначаныя намінанты на прэмію БНФ


Культурніцкая камісія Партыі БНФ вызначыла намінантаў на атрыманьне Прэміі Партыі БНФ 2008 году.


У намінацыі "Грамадзкая чыннасьць" яе атрымае ці гамяльчук Зьміцер Жалезьнічэнка -- за намаганьні ў беларусізацыі войска, ці Іван Шыла з Салігорску -- за сэрыю палітычных і мастацкіх акцыяў, ці Тамара Шчапёткіна зь Бярозы -- за супрацьстаяньне пабудове прадпрыемства па выпуску пэстыцыдаў "Франдэса".

У намінацыі "Культура" на прэмію вылучаныя Лявон і Ганна Вольскія за Калядны канцэрт "Сьнежны завулак". Яны будуць спаборнічаць са Зьмітром Вайцюшкевічам, які вылучаны за музычны альбом на вершы Генадзя Бураўкіна і за альбомы на вершы клясыкаў. А таксама з Алесем Цыркуновым, прапанаваным на прэмію за адкрыцьцё спадчыны Альфрэда Ромэра і сэрыю выставаў.

У намінацыі "Адукацыя/навука" на атрыманьне прэміі вылучаная Валянціна Сіўковіч -- за падрыхтоўку дапаможнікаў па беларускай мове, Алесь Яўдаха -- за ініцыятыву выдаць "Карлсана-з-даху" па-беларуску, а таксама Зьміцер Салаўёў -- за пасьпяховае змаганьне ў адкрыцьці беларускамоўнага садку ў Магілёве.

Пераможцы будуць абвешчаныя 25 Сакавіка, у дзень 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлета прэмія будзе ўручаная другі год запар.

Прэмія Партыі БНФ — гэта бронзавая статуэтка з выявай “Пагоні. Яна была заснаваная з мэтай падтрыманьня ініцыятыў, рэалізаваных цягам апошняга году. Паводле канцэпцыі, прэміяй адзначаюцца выбітныя дасягненьні ў галіне грамадзкай чыннасьці, культуры, навукі і адукацыі, "скіраваныя на умацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, яе культурнай ідэнтычнасьці, сьцьверджаньне каштоўнасьцяў свабоды і дэмакратыі ў нашай краіне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG