Учора зьявілася інфармацыя, што Ніл Гілевіч у цяжкім стане з падазрэньнем на інсульт пераведзены зь лечкамісіі ў пятую клінічную бальніцу, у аддзяленьне нэўрахірургіі.
Загадчык другога нэўрахірургічнага аддзяленьня Аляксандар Бараноўскі пацьвердзіў, што Ніл Сымонавіч сапраўды цяпер знаходзіцца там. Дыягназ “інсульт”, на шчасьце, не пацьвердзіўся. Што да мікраінсульту і стану здароўя народнага паэта, нэўрахірург Аляксандар Бараноўскі паведаміў Радыё Свабода:
“У яго, можа, было іх некалькі, але ён перанёс іх на нагах. Гэта мікраінсульты, якія на сёньняшні дзень яму не перашкаджаюць. У яго ёсьць узроставыя зьмены ў сасудах, як практычна і ва ўсіх людзей сталага веку.
Пару хвілін таму я зь ім размаўляў. Адчувае сёньня ён сябе добра. Прынамсі, нам як мікрахірургам нічога рабіць ня трэба, ніякага апэратыўнага ўмяшаньня не патрабуецца. Мы будзем яго лячыць, і, спадзяюся, на наступным тыдні, дзесьці ў аўторак, мы перавядзем яго зноў у нэўралягічнае аддзяленьне на далейшае лячэньне ў лечкамісію. Крыху падлечыцца і зноў будзе ствараць...”