Галодная сьмерць чалавека бяз сталага месца жыхарства зрабілася нагодай, каб высьветліць: колькі ж у Магілёве такіх людзей, з чаго жывуць і хто імі апякуецца?
У пошуках зьвестак пра бяздомных карэспандэнт “Свабоды” найперш зьвярнуўся ў камітэт аблвыканкаму па працы, занятасьці й сацыяльнай абароне насельніцтва. Там адказалі, што такой інфармацыяй не валодаюць. Камітэт дапамагае людзям, якія маюць дакумэнты:
“У чалавека дакумэнты ёсьць, то мы можам паспрыяць, калі ён трапіў у нейкую складаную жыцьцёвую сытуацыю. У кожным канкрэтным выпадку разглядаецца, што гэта за чалавек, як ён сюды патрапіў. Бо сёньня да нас могуць і з Расеі прыехаць людзі”, — зазначыла супрацоўніца камітэту.
Паводле яе, у выпадках, калі ў людзей няма дакумэнтаў, імі займаецца міліцыя.
Ва ўправе ўнутраных спраў Магілёўшчыны таксама ня ведаюць, колькі ў вобласьці беспрытульных. Супрацоўнік спаслаўся на тое, што паводле новага адміністрацыйнага кодэксу такога паняцьця, як чалавек бяз сталага месца жыхарства, няма:
“Раней мы іх дастаўлялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, таму ведалі, колькі мы іх туды даставілі — прозьвішча, імя. Цяпер жа мы болей за год іх не дастаўляем, бо ў заканадаўстве няма ніякіх нарматыўных актаў, каб мы іх туды дастаўлялі. Цяпер, калі мы іх затрымліваем, то дастаўляем у органы ўнутраных спраў для высьвятленьня асобы. Як асобу высьветлілі, іх адпускаюць. Таму яны ў нас не сядзяць, і я вам лічбы і хто яны такія сказаць ніяк не магу”.
Шмат год дапамагае магілёўскім бадзягам мясцовая рымска-каталіцкая парафія Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Бяздомныя ў касьцёле Сьвятога Станіслава атрымліваюць бясплатнае харчаваньне. Сёлета ўзімку сюды прыходзілі харчавацца каля двух дзясяткаў чалавек.
“Чалавекі два прыходзілі адны й тыя ж, а так вось дзьве жанчыны прыходзілі. Так у асноўным мужчыны прыходзяць. Я не магу сказаць, што яны ў лахманах прыходзяць, не, канечне. Брудныя, кепска апранутыя, натуральна”, — паведамілі ў касьцёле.
Магілёўскі касьцёл гатовы дапамагаць бадзягам нашмат больш дзейсна, аднак ёсьць складанасьці:
“У нас няма грошай, у нас няма паступленьняў на нашыя рахункі. Калі б можна было зрабіць нейкую рэкляму, мо тады людзі б дапамаглі. Калі б былі ў нас нейкія хаця б грошы, тады, можа, праз дэпартамэнт у Менску напісаць дазвол на тое, каб дапамагчы такім людзям. Якая адрасная дапамога нам ішла б. Можна было б дапамагаць людзям ня проста булачкай з гарбатай, але канкрэтна нечым”.
Што да памерлага галоднай сьмерцю, то суседзі кажуць, што на вуліцы Калускай ён зьявіўся тры гады таму. Пакуль быў здаровы, езьдзіў у Маскву на заробкі. Потым нейкі час наймаўся да прыватных гаспадароў. Калі занядужаў, яго прывезьлі й кінулі паміраць. Еў, што зрэдку давалі людзі. Як звалі нябожчыка, суседзі не прыгадалі.
У Магілёўскай гарадзкой бальніцы пацьвердзілі, што такая сьмерць была зафіксавана дзён пятнаццаць таму. Мэдыкі паведамілі карэспандэнту “Свабоды”, што паміраюць дастаўленыя ў бальніцу бадзягі ўсё часьцей. Дакладнай колькасьці, аднак, не назвалі.
Каля магілёўскай праваслаўнай царквы Трох Сьвяціцеляў штодня жабруюць да дзясятка чалавек. Адна з жабрачак сказала карэспандэнту “Свабоды”, што такіх, як яна, сюды прыходзіць чалавек трыццаць. У кожнага — свой дзень, каб жабраваць.