Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы супраць ядзернага шантажу


Мапа распаўсюду шкоды ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС
Мапа распаўсюду шкоды ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Аўтарытэтныя беларускія навукоўцаў ініцыявалі рух "За безьядзерную Беларусь".


Сярод навукоўцаў - прафэсар Георгій Лепін, кандыдаты тэхнічных навук Віктар Юшко і Ягор Фядзюшын. Навукоўцы плянуюць супрацьстаяць палітычнаму рашэньню ўладаў узводзіць у краіне атамную электрастанцыю.

Падчас “круглага стала” ў праблемах ядзернай энэргетыкі гучала: будаўніцтва АЭС у Беларусі ня ёсьць “непазьбежнай неабходнасьцю”, паколькі для яе разьвіцьця адсутнічаюць эканамічныя, сацыяльныя і тэхнічныя перадумовы.

Я. Фядзюшын: “Хто ўтылізуе 440 рэактараў?”

Адзін зь ініцыятараў руху – фізык-ядзернік, кандыдат тэхнічных навук Ягор Фядзюшын. Добра знаёмы з праблематыкай, бо яшчэ за савецкім часам уваходзіў у склад Каардынацыйнай рады фізыкі радыяцыйных пашкоджаньняў пры Дзяржкамітэце атамнай энэргетыкі СССР. Мэту абвешчанага руху акрэсьлівае так: цяпер аднолькава трэба бараніць Беларусь і ад “чарнобыльскага пекла”, і ад “ядзернага раю”:

“Улады ня ўлічваюць, што ідзе разьвіцьцё навукі як такой. Яны жывуць яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. Разьлічваюць, сыходзячы зь пяцігадовай даўнасьці дадзеных. А за апошнія гады кошт паліва павялічыўся ў сем разоў! Яны ж гэтага ня ўлічваюць”.

Карэспандэнт: “На афіцыйным узроўні сьцьвярджаецца, што АЭС будуюць па ўсім сьвеце, галіна зноў разьвіваецца...”

“Гэта ўсё глупства, бо будуюць у так званых “краінах, што разьвіваюцца”, куды гэтыя тэхналёгіі сьпіхваюцца. Ідзе, будзем так казаць, ядзерны шантаж з боку МАГАТЭ і ядзерных дзяржаваў – ЗША, Расеі Францыі, каб збыць кудысьці сваю прадукцыю. Яны ж колькі напрацавалі гэтых рэчываў! Я ня супраць АЭС, якія ўжо працуюць. Няхай сабе дапрацоўваюць рэсурс. Потым, праўда, узьнікне праблема: куды іх падзець? 440 рэактараў у сьвеце, і ў гэтых краінах ня ведаюць, якім чынам іх утылізаваць. Унукам нашым давядзецца вырашаць – куды падзець тое, што дзяды напрацавалі. А гэта ой як шмат бруду”.

Г. Лепін: “Атамная энэргетыка – самая дарагая”

Навукоўцы прапанавалі стварыць камісію для ацэнкі мэтазгоднасьці разьвіцьця ў Беларусі атамнай энэргетыкі. Доктар тэхнічных навук, прафэсар Георгій Лепін перакананы ў неабходнасьці гэтага, паколькі, ягонымі словамі, з вуснаў зацікаўленых ядзернікаў немагчыма даведацца праўды:

“Я ад ядзернікаў яшчэ ніводнага разу ня чуў праўды. То бок, яны настолькі бессумленна хлусяць! Вось, прыкладам, кажуць: атамная энэргетыка – самая танная. Падчас круглага стала называлася іншая лічба: сабекошт атамнай электраэнэргіі – 20 цэнтаў за кіляват/гадзіну. А цеплавой -- блізу трох. Дык дзе ж яна самая танная?”

Карэспандэнт: “Ёсьць меркаваньне, што існуюць лябісты, якія проста прасоўваюць у трэці сьвет састарэлыя тэхналёгіі?”

“Канечне. Прычым, колькі іх давялося ўжо лавіць на падмане! Але яны кожны раз моўчкі гэта праглынаюць і не спрабуюць нават спрачацца. Таму што ведаюць - хлусяць. Гэты падман настолькі далёка ў іх дайшоў, што, прыкладам, намагаюцца усіх “забіць” лічбай: маўляў, купляем на Ігналінскай АЭС электраэнэргію па 2,5 цэнты за кіляват/гадзіну. Самае цікавае, што гэта праўда. Чаму? Па-першае, Ігналінка была падараваная, за яе ня ўзялі ні капейкі. Асноўныя ж страты – капвыдаткі. На Ігналінцы ў сабекошт ідзе толькі паліва і абслугоўваньне. А гэта якраз два цэнты, крыху нават яшчэ і зарабляюць. А калі ўсё улічваць, то разоў у пяць сума павялічыцца. А любы від энэргетыкі дае сабекошт ніжэй за 10 цэнтаў. Значыць, атамная энэргетыка – самая дарагая. Яны ж пераконваюць у адваротным”.

С. Гусак: “Ня трапіць у залежнасьць ад Расеі!”


Навукоўцы канстатуюць, што ў Беларусі практычна ня вывучаны досьвед захаваньня ядзерных адыходаў і вываду АЭС з эксплюатацыі. Паводле разьлікаў, калі яшчэ пры канцы 1990-х вывад станцыі каштаваў 10% ад кошту аб'екту, то цяпер ён параўнальны з выдаткамі на будаўніцтва.

Зрэшты, ня ўсе экспэрты лічаць АЭС непатрэбным праектам. Спэцыяліст у энэргетычнай галіне эканаміст Станіслаў Гусак прыхільнік атамнай энэргетыкі, аднак папярэджвае: ні ў якім разе нельга зноў апынуцца ў сыравіннай залежнасьці ад Расеі:

“Пабудова ядзернай электрастанцыі павінна ажыцьцяўляцца такім чынам, каб мы зноў не атрымлівалі паліва для гэтай станцыі з Расеі. Ядзерны рэактар павінен быць аналягічны францускаму, швайцарскаму, амэрыканскаму. Але ні ў якім разе не расейскаму. Таму што калі ўсталяваць расейскі рэактар на гэтай электрастанцыі, то ў гэтым выпадку зноў усё паліва будзе ісьці з Расеі, мы чарговым разам намёртва прывяжам сябе да расейскага фактару. А незалежнасьці ад гэтага Беларусь ніякай не дадасьць”.

Сёлета Аляксандар Лукашэнка падпісаў пастанову “Аб разьвіцьці атамнай энэргетыкі ў Рэспубліцы Беларусь”. Першы энэргаблёк беларускай АЭС пабудуюць у 2016 годзе, другі – у 2018-м. Сумарная магутнасьць складзе 2 тысячы мэгават. У якасьці пляцовак разглядаюцца варыянты ў Шклоўскім і Чавускім раёнах Магілёўскай вобласьці, а таксама ў Ашмянскім раёне на Гарадзеншчыне. Кошт будоўлі, паводле розных ацэнак, вагаецца ад 4 да 10 мільярдаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG