Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вада для жыцьця": чыстая, але задарагая


Паводле высноў Віцебскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, праблема забесьпячэньня пітной вадой дагэтуль застаецца актуальнай.


У вобласьці – 16 глыбінных сьвідравін. І калі бактэрыялягічныя паказьнікі вады адпавядаюць норме, то падвышанае ўтрыманьне жалеза ў вадзе адмыслоўцы фіксуюць у кожнай чацьвёртай вадаправоднай сыстэме.

Сёньня на Віцебшчыне працуюць усяго 67 станцый ачышчэньня вады ад дамешкаў жалеза. Будаўніцтва такіх станцый вымагае вялікіх грашовых сродкаў. Таму супрацоўнікі санітарных службаў вельмі вялікія надзеі ўскладаюць на прынятую дзяржаўную праграму "Чыстая вада", якая да 2010-га мусіць паспрыяць, каб вада з-пад крану стала чысьцейшай.

На думку спэцыяліста абласнога Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Зьмітра Раманава, дзяржаўнае фінансаваньне – пяць з паловай мільярдаў рублёў – павінна прынесьці вынікі:

"Добрая праграма, якая да 2010 году будзе дзейнічаць. Выдаткоўваюцца грошы, за якія людзі нясуць адказнасьць. Добрае абсталяваньне, выдатныя адмыслоўцы найвышэйшага ўзроўню. Усё без праблем!"

Гучная гісторыя зь дзяржаўнай праграмай “Чыстая вада” адбылася ў Бешанковічах. Тут за 170 мільёнаў рублёў набылі абсталяваньне для ачысткі вады. Але праверка выявіла, што пасьля апрацоўкі вада не стала чысьцейшай.

Гаворыць Галоўны санітарны лекар Бешанковіцкага раёну Ніна Карпушэнка:

"Як галоўны дзяржаўны санітарны лекар раёну, я чакала вынікаў – для людзей, для іх здароўя, каб вада была чыстай. Але тая станцыя абезжалезьваньня, якую паставіла нам тут адно прадпрыемства, аказалася ня здольнай ачысьціць ваду. Хаця, калі браліся, нас запэўнівалі, што ўсё будзе зроблена. Па бактэрыялягічных паказьніках наша вада добрая, а па ўзроўню ўтрыманьня жалеза далёка да стандарту, які мае быць".

Ніна Карпушэнка кажа, што жанчыны пазьбягаюць нават мыць у такой вадзе белую бялізну, ня тое, каб на ёй гатаваць.

“Каля вада цячэ з крана, то здаецца, што яна бясплатная”

Ужо 11 гадоў у Віцебску існуе фірма “РІКОР”, якая выпускае вядомую марку вады "Віта". Вада здабываецца са сьвідравіны каля санаторыя "Лётцы", праходзіць некалькі этапаў ачысткі, разьліваецца ў плястыкавую тару й дастаўляецца ў крамы або непасрэдна кліентам.

Шасьцілітровая плястыкавая бутэлька пітной вады "Віта" каштуе 3 тысячы рублёў. За такія самыя грошы са звычайнага крана ў кватэры можна скарыстаць амаль 6 тысяч літраў халоднай вады.

Паводле Ўладзімера Губарнева, намесьніка дырэктара віцебскай фірмы “РІКОР”, попыт на якасную пітную ваду залежыць ад узроўню дабрабыту спажыўцоў:

"Ня ў кожнага чалавека мэнталітэт "сасьпеў" да ўсьведамленьня таго, што ён мусіць піць чыстую ваду. Калі яна цячэ ў нас з крана, то чалавеку здаецца, што гэтая вада бясплатная. А тут трэба заплаціць, скажам, 8 тысяч за 19 літраў. Суадносна зь сярэднім памерам пэнсіі ў нас у краіне, напэўна, ня кожны гэта зможа".

Спадар Губарнеў лічыць вельмі красамоўным рэклямны слоган "Віта – вада для жыцьця". І ўсё ж пераважная колькасьць жыхароў Віцебшчыны спажывае іншую ваду – з вадаправоду. Ня дужа чыстую і ня вельмі смачную, але пакуль што танную.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG