Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія: наступствы крывавай нядзелі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Палітычны крызіс у Армэніі паглыбіўся пасьля гібелі ў суботу падчас сутыкненьняў апазыцыйных дэманстрантаў з паліцыяй васьмі чалавек. У Ерэване да 20 сакавіка ўведзена надзвычайнае становішча. Улада і апазыцыя вінавацяць адна адну ў праліцьці крыві.


Армянская апазыцыя заяўляе пра намер працягваць акцыі пратэсту супраць вынікаў нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў.

“У нас тры патрабаваньні: ануляваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, пакараць вінаватых у фальсыфікацыі і вызваліць усіх палітычных зьняволеных”, – гаворыць Арман Мусінян, прэсавы сакратар апазыцыйнага кандыдата на праведзеных 19 лютага выбарах Лявона Тэр-Пэтрасяна.

Апазыцыя настойвае таксама на неадкладнай адмене надзвычайнага становішча, уведзенага пасьля крывавых суботніх падзеяў у Ерэване.

Пры надзвычайным становішчы забароненыя масавыя сходы, мэдыі абавязаныя, інфармуючы пра палітычную сытуацыю ў Армэніі, выкарыстоўваць толькі афіцыйную інфармацыю.

Лявон Тэр-Пэтрасян заяўляе, што знаходзіцца пад хатнім арыштам. Ягоны дом абкружаны паліцыяй. Улады цьвердзяць, што ня ўводзілі абмежаваньняў на перамяшчэньне апазыцыйнага лідэра, а проста параілі яму зь меркаваньняў бясьпекі заставацца дома.

Тэр-Пэтрасян тым часам не дэманструе знакаў капітуляцыі. Рэзка крытыкуючы цяперашняга прэзыдэнта Робэрта Качар’яна і новаабранага Сэржа Саркісяна, лідэр апазыцыі заявіў, што канфлікт з уладамі можа зацягнуцца на доўгія гады.

З свайго боку ўлады працягваюць настойваць, што прэзыдэнцкія выбары адпавядалі ўсім дэмакратычным працэдурам. Камандуючы Ўзброенымі сіламі Армэніі Сэйран Аганян перасьцярог, што ў разе найменшага парушэньня забароны на масавыя мерапрыемствы войска ўжыве сілу. Паведамляецца, што ў дачыненьні да 55 арыштаваных удзельнікаў пратэстаў заведзеныя крымінальныя справы.

"Улады фактычна незнарок падагрэлі пратэсты"

Застаецца пытаньне: наколькі ўсё ж крывавыя падзеі мінулай суботы паўплывалі на рашучасьць удзельнікаў пратэстаў. На думку аглядальніцы нашага радыё Ліз Фулер, улады фактычна незнарок падагрэлі пратэсты:

“Пратэсты маглі доўжыцца яшчэ тыдзень, ці два, ці нават тры тыдні. Аднак, калі б улады не зьвярнулі на іх увагі, я думаю, што на працягу двух тыдняў адбылося б зьніжэньне колькасьці людзей на вуліцах, удзельнікі пратэстаў папросту страцілі б надзею”.

Назіральнікі ад Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе заявілі, што ў цэлым армянскія прэзыдэнцкія выбары можна лічыць дэмакратычнымі, аднак зьвярнулі пры гэтым увагу на паасобныя парушэньні пры падліку галасоў. Паводле афіцыйных вынікаў, праўладны кандыдат Сэрж Саркісян набраў 53 працэнты галасоў, Лявон Тэр-Пэтрасян – 21, 5 працэнта.




  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG