Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлемост Менск - Ватыкан (фотарэпартаж)


Папа Рымскі прамовіў да каталікоў Беларусі па-беларуску

У Менску прайшоў тэлемост з Ватыканам “Эўропа і Амэрыка разам для пабудовы цывілізацыі і любові”. Гэта была супольная малітва Папы Рымскага з моладзьдзю ў дзесяці краінах сьвету, якая прысьвечаная VI Эўрапейскаму дню студэнтаў. До моладзі Беларусі Бэнэдыкт ХVI зьвярнуўся па-беларуску.

За гадзіну да тэлеўключэньня з залі Паўла VІ у Ватыкане, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў сотні чалавек, якія сабраліся ў менскім касьцёле Панны Марыі, а таксама дзесяткі дэлегацый з розных рэгіёнаў Беларусі:

“Асабліва вітаю сэмінарыстаў Гарадзенскай духоўнай сэмінарыі, якую я залажыў ў 90-годзе. Дзякую за вашую прысутнасьць”.

У будынку менскага архікатэдральнага касьцёла было ўсталявана 9 плязьменных экранаў. У галоўнае памяшканьне ўсе патрапіць не змаглі, а таму людзі разьмясьціліся ў сутарэньнях храма і на вуліцы. Падчас супольнай імшы моладзь з розных краінаў, у тым ліку Францыі, Кубы ЗША Беларусі і іншых па чарзе чыталі ўрыўкі энцыклікаў, ружанцовых разважаньняў на сваіх родных мовах. У Менску гэта дублявалася па-беларуску. Усё што адбывалася ў папскай залі, адначасна адбывалася ва ўсіх кранах удзельніцах. Пасьля зьяўленьня ў залі Бэнэдыкта ХVI і ягонага агульнага шумнага прывітаньня слова атрымалі беларускія вернікі. Малітоўны тэкст прачытаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і менскі студэнт Сяргей Рак. Вось як ён узгадваў гэты момант крыху пазьней:

“Перад самым выхадам ня тое, што страх, але нейкі мандраш браў. Але ўсё ж-такі больш было адчуваньня радасьці і еднасьці”.

У сваю чаргу Бэнэдыкт ХVI прамовіў да моладзі на розных мовах, у тым ліку і па-беларуску. Прамаўляючы да Менску ён сказаў:

“Дарагія студэнты менскіх унівэрсытэтаў. Сардэчна вас вітаю. Даручаю вашаму роздуму Энцыкліку аб надзеі і заахвочваю вас будаваць цывілізацыю любові. У жыцьці прымайце правільныя рашэньні ды дзеяньні, поўныя веры ды эвангельскае адвагі”.

Вось што пра словы Папы Рымскага і агульную зь ім малітву казалі затым удзельнікі імшы:

Юначка: “Вельмі радасная падзея, буду распавядаць пра ўбачанае і пачутае дома, сябрам”.

Юнак: “Ведаеце, нібыта, сапраўды з Папам Рымскім спаткаліся. Хацеался б, каб ён сапраўды прыехаў у Беларусь”.

Юначка: “Такіх падзей павінна быць больш, бо яны аб’ядноўваюць хрысьціянаў і аб’ядноўваюць народы”.

Супольнае набажэнства з Ватыканам доўжылася каля трох гадзін. Увесь гэты час побач зь менскай архікатэдрай стаяў аўтазак і два аўтобусы з супрацоўнікамі АМАПу.

Вядучаму: “Па завяршэньні супольнай імшы, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што гэта быў першы віртуальны візыт у Беларусь Папы Рымскага, але ён спадзяецца і верыць, што Бэнэдыкт ХVI у сапраўднасьці ступіць на беларускую зямлю”.





У касьцёл трапілі ня ўсе...

Удзельнікі тэлемаста ў чаканьні

Крыж, які ўнесьлі ў касьцёл

Удзельнікаў тэлемаста вітае моладзь

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вітае папу Бэнэдыкта XVI

Арцыбіскуп Кандрусевіч распачынае ўспамін сямі дароў Сьвятога Духа

Запальваецца сьветач дару надзеі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і моладзь вітаюць папу Бэнэдыкта XVI

Запальваецца сьветач дару боязі Божай

Моладзь чытае малітву

Выступае Сьвяты Айцец Бэнэдыкт XVI

Арцыбіскуп Кандрусевіч уручае кнігу “Энцыкліка Spe Salvi Бэнэдыкта XVI”

Удзельнікі тэлемаста

Выступае Сьвяты Айцец Бэнэдыкт XVI

Антоні Дзям'янка, нунцый Марцін Відавіч, кардынал Казімер Сьвёнтак, біскуп Аляксандар Кашкевіч

З падзякай да ўсіх выступае арцыбіскуп Кандрусевіч

Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч

Экран перад касьцёлам


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG