Жыхары напісалі калектыўную заяву ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну Горадні, каб там ацанілі патрабаваньне зьняць антэны з пункту гледжаньня закону. З пракуратуры заяву накіравалі ў гарадзкое прадпрыемства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Як паведаміў нам адзін з жыхароў, Максім Гармаш, камунальнікі далі пісьмовы адказ. Яны прапануюць атрымаць дазвол на антэны ў гарадзкім упраўленьні архітэктуры. Калі дазволу ня будзе, жыхары павінны дэмантаваць антэны да пачатку красавіка. Інакш камунальнікі разьвяжуць праблему “ў судовым парадку”, — гаворыцца ў лісьце, які атрымалі жыхары дамоў на праспэкце Касманаўтаў.
Праблема ў тым, зазначае Максім Гармаш, што не існуе мэханізму “ўзаконьваньня” спадарожнікавых антэнаў. Таму 29 лютага жыхары дамоў на праспэкце Касманаўтаў накіроўваюць запыт ва ўпраўленьне архітэктуры гарвыканкаму, каб ім афіцыйна адказалі: ці выдадуць дазвол на антэны, якімі яны карыстаюцца ўжо ня першы год.