Народны пісьменьнік Беларусі жыў і працаваў у горадзе амаль чвэрць стагодзьдзя. Экспанаты назапашваюцца, але ў вузкім пакойчыку немагчыма стварыць нармальную разгорнутую экспазыцыю.
Кіраўнік гарадзкога ідэалягічнага аддзелу Сяргей Дубавец паведаміў, што пытаньне пра музэй Васіля Быкава разглядалася ў намесьніка старшыні гарвыканкаму Ірыны Сенчанкавай.
Дубавец: “Была праведзена нарада. Музэйшчыкі прапанавалі чатыры варыянты стварэньня гэтага музэю, а Мельнікаў і яшчэ два чалавекі зь ім, якія там былі, — яны сказалі: мы падумаем. І ўвогуле ніхто ніякай кропкі ня ставіў”.
Стваральнік грамадзкага музэю Быкава Мікалай Мельнікаў пацьвердзіў:
Мельнікаў: “Яны прапанавалі чатыры варыянты, каб перадаць нашыя матэрыялы ў якое-небудзь месца, у школу. Дык мы сказалі, што музэй гэты — наш, ён створаны ўдзельнікамі Айчыннай вайны, нашай арганізацыяй. Мы прасілі асноўнае — памяшканьне без арэнднай платы”.
Спадар Мельнікаў зазначыў, што пасьля размовы яны чакаюць афіцыйнай паперы з прапановамі ўладаў, а тады зьбяруць сваю Раду і будуць на ёй абмяркоўваць, якое прыняць рашэньне. Таксама ён сказаў, што ў цэлым улады паставіліся да стваральнікаў быкаўскага музэю станоўча, абяцалі дапамагчы, зрабіць усё магчымае, каб даць памяшканьне і каб музэй працаваў.
У чым жа загваздка, чаму музэй народнага пісьменьніка ніяк не набудзе належны статус і нармальнае памяшканьне? Знаўцы сытуацыі кажуць: улады не выяўлялі рэальнага жаданьня стварыць музэй Быкава, гэта ініцыятыва зьнізу. У той жа час гарвыканкам сёньня ня супраць разьвязаць праблему. Аднак вэтэраны жадаюць захаваць аўтаномнасьць музэйнага збору і баяцца, каб ім не сказалі “да пабачэньня”, паколькі ўсе яны пэнсійнага веку.
Якім жа можа быць выйсьце? Меркаваньне Ігара Жука — выкладчыка Ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
Такі музэй павінен быць у Горадні.
Спадар Жук мяркуе, што ўладам варта будзе знайсьці магчымасьць неяк адрэгуляваць адносіны з ініцыятарамі стварэньня музэю, бо для вэтэранаў ён стаў справай жыцьця, музэй дапамагае ім жыць.