Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Лукашэнка: “Некаторыя пракуроры заняліся палітыкай”


Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы новага кіраўніка генэральнай пракуратуры Рыгора Васіліевіча, абрынуўся з крытыкай на працу гэтага ведамства.


“Асобным супрацоўнікам пракуратуры свае асобныя амбіцыйныя самалюбівыя пляны давядзецца пакінуць недзе дома. Ці пакінуць працу ў пракуратуры,” – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён назваў недапушчальным, што некаторыя пракуроры заняліся палітыкай. “Іх, бачыце, хвалюе, як на нас паглядзяць Амэрыка і Эўразьвяз. Гэта ня вашы праблемы, гэта праблемы прэзыдэнта і прэмьер-міністра, гэта мы будзем разьбірацца з палітыкай. А ў вас ёсьць закон і Канстытуцыя,” – падкрэсьліў Лукашэнка.

Што азначаюць гэтыя загадкавыя абвінавачваньні? У чым палягалі памкненьні пракурораў займацца палітыкай? Каго зь іх хвалявала, як на Беларусь паглядзяць ЗША і Эўразьвяз? Свае адказы прапануе галоўны рэдактар электроннай газэты “Ежедневник” Сяргей Сацук.

У выніку крытыкі з боку пракуратуры ўпершыню ў нашай краіне сілавыя ведамствы пачалі выступаць не адзіным блёкам, а кожны сам па сабе.
Сацук: “На мой погляд, гэтая заява сьведчыць пра тое, што апошнім часам у пракуратуры былі сур’ёзныя супярэчнасьці з сілавымі ведамствамі – КДБ, МУС, Камітэтам дзяржкантролю і нават з адміністрацыяй прэзыдэнта. Калі гэтыя ведамствы прымалі чыста палітычныя рашэньні, не заснаваныя на законе, пракуратура наадварот кіравалася законам і казала, што на нас кепска паглядзяць у іншых краінах, калі мы ня будзем выконваць уласныя законы. Гэта тычылася шэрагу крымінальных спраў, дзе не было складу злачынства, аднак КДБ, Камітэт дзяржкантролю і МУС распачыналі крымінальныя справы, зь якіх нічога не атрымлівалася.

Гэта таксама тычыцца ініцыятывы Натальлі Пяткевіч, якая прапаноўвала пракуратуры спаганяць з асобаў, што падазраюцца ў эканамічных злачынствах, ня толькі шкоду, як гэта прадугледжана крымінальным кодэксам, а падвойны памер шкоды, што не заснавана на законе. Пракуратура выступіла супраць і накіравала адпаведны ліст у адміністрацыю прэзыдэнта.

Таму, на мой погляд, прэзыдэнт сёньня і выказаў незадавальненьне пракуратурай, а насамрэч незадавальненьне тым, што яна кіруецца законам, а не палітычнымі меркаваньнямі.

Гэта была лінія Пятра Міклашевіча. Ня ведаю, ці было гэта прычынай, чаму яго прыбралі з пракуратуры, але думаю, што адной з прычын гэта было пэўна. У выніку крытыкі з боку пракуратуры ўпершыню ў нашай краіне сілавыя ведамствы пачалі выступаць не адзіным блёкам, а кожны сам па сабе. У гэтым віна ці заслуга (гэта ўжо як паглядзець) менавіта пракуратуры Рэспублікі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG