На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі, які лічыць, што ў Беларусі павінна жыць 25-30 мільёнаў людзей, каб яна стала сапраўды незалежнай і сувэрэннай. Пра гэта ён заявіў сёньня ў інтэрвію тэлеканалу Russia Today. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:
“Пытаньне – дзе іх узяць? Можа адчынім мяжу для кітайска-вэнэсуэльскіх імігрантаў?”
“Цягам апошніх 10 год насельніцтва Беларусі скарацілася на 500 000 чалавек. Дадзеныя дзяржаўнай статыстыкі. І гэты грамадзянін плянуе ПАВЕЛІЧЭНЬНЕ КОЛЬКАСЬЦІ ЖЫХАРОЎ?”
“А чым іх карміць? З дапамогай на дзіця да 3-х год у 120 тысячаў рублёў 25 мільёнаў не атрымаецца. Канечне, калі мець 25 мільёнаў нявольнікаў дый карміць іх адной бульбай, грошы можна зарабіць салідныя. Можна будзе адпраўляць іх гастарбайтэрамі ў Расею на будоўлі ці яшчэ некуды...”
“Куды засяляць іх будзем? Ах, праўда, у баракі...”
У суполцы Жывога Журналу by_politics фотакарэспандэнтка “Нашай нівы” Юлія Дарашкевіч дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад сёньняшняй акцыі прадпрымальнікаў у Менску: “Прадпрымальнікі ня выйшлі. Людзей расьсейвалі купкамі па 3-5 чалавек. Больш за ўсё на Кастрычніцкай было журналістаў. Макаева як заўсёды затрымалі, таму намёты ставіць не было каму. Цырк быў з затрыманьнем Вольгі Казулінай – яе суправаджаў дзясятак амапаўцаў, пасьля па рацыі перадалі: "С красивыми улыбками садим эту блондинку в красивую машину", журналістаў адсяклі, і дачку экс-кандыдата на прэзыдэнта запхалі ў мянтоўскі аўтобус».
Блогер Arshanski адгукнуўся на навіну з партыйнага жыцьця: “Партыя БНФ забараніла фракцыі, забараніла публічна крытыкаваць партыйныя рашэньні і выказваньні кіраўнікоў партыі. Забараняецца таксама крытыкаваць усё гэта ў непартыйнай прэсе (А што, у ПБНФ ёсьць партыйная прэса? На яе можна падпісацца?) Мяне больш за ўсё пазабавіла, што намесьнікам забаронена выступаць у хаўрусе з прадстаўнікамі іншых палітычных сілаў. Мяркую, падставай для такога рашэньня стаў ліст , падпісаны Міхалевічам, Дашкевічам і Севярынцам».
На сайце блогаў Позірк дзеліцца рэгіянальнымі навінамі: «Днямі ў выставачнай залі Баранавіцкага краязнаўчага музею адкрылася выстава вядомай беларускай мастачкі Алы Замай. Сярод каля 60 жывапісных карцін 75-гадовай творцы зь Менску вылучаецца «Раніца Беларусі» з задумлівым Аляксандрам Рыгоравічам.
На адкрыцці выставы Ала Замай коратка прэзентавала кожны свой твор. Са словаў сьведкаў, калі мастачка дайшла да «Раніцы Беларусі», то прамовіла: «А об этом я ничего говорить не буду. Думайте, что хотите. Просто солнце ударило». Людзі сапраўды думалі што хацелі. Напрыклад: чаму яна гэта зрабіла? Каб выслужыцца перад начальствам і атрымаць нейкія датацыі? Ці, можа, 75-гадовая мастачка проста ўбачыла ў ПП РБ асобу, якая заслугоўвае, каб яе праслаўлялі такім чынам? Усё гэта неяк непрыемна патыхае сталінізмам і культам асобы».