Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Берасьці прызнаў экстрэмісцкімі кнігі Пазьняка


Вокладка кнігі Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія»
Вокладка кнігі Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія»

Суд Маскоўскага раёну Берасьця 20 красавіка прызнаў экстрэмісцкай літаратурай кнігу Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія», а таксама напісаную Зянонам Пазьняком і Валерам Буйвалам кнігу «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял».

Справа разглядалася па заяве Берасьцейскай мытні, перадае «Эўрапейскае радыё».

Судзьдзя Тацяна Гаргадзэ задаволіла заяву мытні.

Па два экзэмпляры кніг «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» мытнікі забралі 27 верасьня 2015 году ў Алеся Чахольскага на беларуска-польскай мяжы.

Адказны сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ вяртаўся з Польшчы, дзе і набыў гэтыя выданьні.

Экспэртная камісія Берасьцейскай вобласьці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі знайшла ў гэтых кнігах прыкметы праяў экстрэмізму.

Актывіст дамагаўся, каб рашэньне экспэртнай камісіі было адменена і каб яму вярнулі забраныя кнігі.

23 лютага суд прызнаў паседжаньне экспэртнай камісіі правамоцным.

«Відавочна, што гэта палітычная справа, палітычная замова. Экспэртнае заключэньне — нікчэмнае. Фактычна за сем месяцаў змаганьняў мы давялі, што экспэртная камісія складаецца з заангажаваных асобаў. Высьветлілася, што ўсе яны — сябры «Белай Русі», — сказаў «Эўрарадыё» Алесь Чахольскі.

Чахольскі мае намер абскарджваць цяперашняе судовае рашэньне аб прызнаньні экстрэмісцкімі кніг «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял».

Кніга «Добрая фатаграфія» — зборнік эсэ пра фота, зьнятыя ў краінах Эўропы і Амэрыкі зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя і да нашых дзён. Кніга «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» — зборнік артыкулаў, успамінаў і фатаздымкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG