Вечарыну памяці па Алесю Чаркашыну, які памёр 40 дзён таму пасьля цяжкага раненьня ва Ўкраіне, зладзілі ў офісе БНФ актывісты БХД, Маладога фронту, ініцыятывы «Абаронім Курапаты» ды іншыя.
«Ён загінуў на вайне, але ўвесь час думаў пра мір. Ён быў побач на Плошчы ў 2010 годзе і першым заклікаў спыніць там правакацыі, якія маглі прывесьці да ахвяр», — згадаў пра берасьцейца, сябра БХД Віталь Рымашэўскі.
Быць гатовым бараніць Беларусь, як бароняць зараз патрыёты Ўкраіны сваю краіну заклікаў нядаўні палітвязень Мікалай Статкевіч.
Вершы, прысьвечаныя змагарам за Ўкраіну, прачытаў Уладзімер Някляеў, які згадаў, як разам з украінцамі і беларусамі мёрз ў намётах на Майдане.
На вечарыне гучалі песьні Алеся Чаркашына. «Не здавайся» — назва адной зь песьняў, магчыма самай вядомай, якую Алесь напісаў у перапынках паміж баямі пад Данецкам. Назва песьні стала і назвай дыску, які сябры выпусьцілі адмыслова да 40 дзён сьмерці «Тараса» (баявы пазыўны паэта і музыкі Алеся Чаркашына). Грошы, сабраныя ад продажу дыска, і ахвяраваньні ўдзельнікаў вечарыны пойдуць на ўсталяваньне помніка Алесю Чаркашыну.
На вечарыне выступіла маці Міхася Жызьнеўскага — першага беларуса, які загінуў на Майдане ў лютым 2014 году.
«Калі Мішу хавалі, наша вёска была ачэпленая машынамі з супрацоўнікамі КДБ. Ведаю, што і пасьля пахаваньня Алеся на сваякоў накінуліся з КДБ — чаму пахавалі на ўскраіне гораду, хто даў дазвол?! Нібыта і тут парадніліся лёсы нашых сыноў, якіх улады Беларусі працягваюць лічыць бандытамі», — абуралася Ніна Жызьнеўская.
Удзельнікі вечарыны лічаць, што Алесь Чаркашын, як і Міхась Жызьнеўскі, — змагары ня толькі за Ўкраіну, але і за Беларусь.