Спэцслужбы тэлефануюць маці забітага ва Ўкраіне берасьцейца Алеся Чаркашына і пытаюцца, чаму ягонае пахаваньне ператварылася ў несанкцыянаванае мерапрыемства.
Пра гэта паведамляе «Белсат».
Спачатку Сьвятлане Чаркашынай патэлефанавалі з КДБ і хацелі паразмаўляць пра дзейнасьць яе сына ва Ўкраіне. Ад размовы жанчына адмовілася.
4 верасьня прадстаўнік КДБ па тэлефоне цікавіўся ў жанчыны, чаму пахаваньне сына ператварыліся ў масавае несанкцыянаванае мерапрыемства і хто даў дазвол на пахаваньне Алеся на могілках Камяніцы Жыравецкай.
Таксама пачаліся праверкі ў трупярні, дзе знаходзілася цела Алеся перад пахаваньнем. Маўляў, працаўнікі трупярні незаконна выдалі цела Чаркашына для пахаваньня.
Прадстаўнікі спэцслужбаў ціснуць і на кіраўніцтва ЖКГ Берасьцейскага раёну, каб даведацца, на якой падставе выдзелілі зямлю для пахаваньня Алеся на могілках Камяніцы Жыравецкай.
Алеся Чаркашына пахавалі 3 верасьня на могілках у вёсцы Камяніцы Жыравецкай. На разьвітаньне з Алесем сабралася каля сотні чалавек, у тым ліку шмат актывістаў БХД, «Маладога фронту». Сярод іх — Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Наста Дашкевіч, Андрэй Кім ды іншыя.
Былы старшыня берасьцейскай гарадской арганізацыі БХД, 33-гадовы Алесь Чаркашын быў паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы. Ён ваяваў пад пазыўным «Сябар Тарас» у тактычнай групе «Беларусь» у складзе добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару», быў капэлянам добраахвотнікаў.