Калегія абласнога суду ў Берасьці разгледзела касацыйную скаргу актывіста Юрыя Рубцова. Палітвязень прасіў суд адмяніць прысуд Пружанскага раённага суду, паводле якога яго прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад адбыцьця «хіміі» і асудзілі на 2 гады калёніі. «Скаргу заслухалі, нібыта вывучылі ўсе аргумэнты абароны, але пакінулі без задавальненьня. Самога Рубцова ў суд не прывозілі. Падтрымаць яго прыходзілі мясцовыя прафсаюзныя актывісты», — паведаміла абаронца Юрыя Рубцова карэспандэнту Свабоды.
Адмова ў задавальненьні скаргі азначае, што прысуд адносна Юрыя Рубцова ўступіў у сілу. Больш за 2 месяцы «хіміка» Рубцова ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары ў Баранавічах. Куды яго адправяць адбываць новае пакараньне?
«Гэта пакуль невядома. Калёніяў агульнага рэжыму ў краіне хапае, могуць адправіць куды заўгодна. Сваякі Юрыя маюць права напісаць заяву ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС з прапановай пэўнай калёніі, часам такія заявы ўлічваюцца, але наперад сказаць немагчыма», — сказала адвакат.
Пакуль адвакату невядома, ці будзе Юры Рубцоў далей абскарджваць прысуд Пружанскага раённага суду. «Зь Берасьця еду ў Баранавічы, дзе, спадзяюся, змагу зь ім сустрэцца. Там усё высьветлю», — паведаміла абаронца.
Паводле зьвестак, пасьля апошняй сустрэчы Юрыя Рубцова з адвакатам, якая адбылася на пачатку ліпеня ў баранавіцкім сьледчым ізалятары, палітвязень трымаў галадоўку пратэсту супраць абыходжаньня зь ім як са злачынцам. У сьледчым ізалятары зьвесткі пра галадоўку Рубцова не пацьвярджалі.
У канцы 2014 году актывіст з Гомеля Юры Рубцоў трапіў на 1,5 года на «хімію», назваўшы «падонкам» судзьдзю, які пасьля Чарнобыльскага шэсьця судзіў яго паўразьдзетага. Напярэдадні Рубцова затрымалі міліцыянты і сарвалі зь яго майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь». На «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Юры Рубцоў зрабіў на грудзях тату з такім самым надпісам. «Хімік» Рубцоў патрабаваў працы, якая б адпавядала заяўленаму Аляксандрам Лукашэнкам сярэдняму заробку па краіне ў 500 даляраў, але такой працы ў Пружанскім раёне для Юрыя Рубцова не знайшлі. За адмову выходзіць на працу зь нізкім заробкам міліцыянты завялі на актывіста крымінальную справу паводле артыкула аб ухіленьні ад адбыцьця пакараньня. Суд Пружанскага раёну прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым па гэтым артыкуле.
Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі, а таксама за мяжой прызналі Юрыя Рубцова палітвязьнем і патрабуюць яго вызваліць.