Палітвязьня Мікалая Дзядка судзяць у магілёўскай турме № 4. Яму інкрымінуецца «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі». Пагражае да году дадатковага зьняволеньня ў калёніях строгага рэжыму. Пра тыдзень Мікалай меўся выйсьці на свабоду пасьля чатырох гадоў няволі. Суд пачаўся 25 лютага.
На судовае пасяджэньне ў турму дапусьцілі бацьку палітвязьня Аляксандра Мікалаевіча і жонку Валерыю Хоціну. Паводле Валерыі, Аляксандар Мікалаевіч хадайнічаў, каб яму дазволілі выступаць абаронцам інтарэсаў сына. Судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Ігар Шведаў адхіліў гэтае хадайніцтва, але дазволіў выступіць на працэсе сьведкам па характарызуючых прыкметах.
Заля, у якой праходзіць суд, поўная асуджаных і кантралёраў. Сьведкамі ў справе выступаюць каля дзясятка супрацоўнікаў турмы і зьняволеных. Сьведкам будзе і начальнік турмы. Валерыя Хоціна кажа, што судзьдзя дэталёва разглядае кожны эпізод, высьвятляючы, ці рабіліся парушэньні наўмысна і сыстэматычна.
Яму ставяцца ў віну шаснаццаць эпізодаў. Большая палова зь іх — знаходжаньне ў спартовых штанах або бяз майкі. Некалькі разоў спаў у неўстаноўлены час.
«Яму ставяцца ў віну шаснаццаць эпізодаў. Большая палова зь іх — знаходжаньне ў спартовых штанах або бяз майкі. Некалькі разоў спаў у неўстаноўлены час. Не рэагаваў на заўвагі. Другі пункт — знаходзячыся ў ШЫЗА, перамаўляўся з чалавекам, які знаходзіўся побач, праз вэнтыляцыйную адтуліну. Абарона настойвае, што ў парушэньнях не было сыстэмы. Тут вельмі важна даказаць, ці было наўмыснае злоснае непадпарадкаваньне. Адна справа, калі ты правакуеш кантралёраў, а другая справа — без наўмыснасьці рабіць нешта са сваіх нейкіх прычын фізычнага стану. Да таго ж некаторыя парушэньні Мікалай не прызнае», — апавядае Валерыя Хоціна.
Паводле Валерыі, Мікалай некаторыя абвінавачваньні прызнае, аднак заяўляе, што ўмовы ўтрыманьня ў турме вымушаюць парушаць рэжым. Напрыклад, калі ў камэры сьпякотна, то немагчыма быць увесь час апранутым у турэмную робу — даводзіцца яе здымаць і хадзіць у майцы. Валерыя Хоціна працягвае:
«Мікалая знаёмілі з правіламі ўнутранага распарадку, і ён расьпісаўся за гэта. Там указана, дзе ён павінен спаць, дзе ён павінен быць, з кім размаўляць і ў якім выглядзе ён павінен знаходзіцца. Ад яго патрабуюць выкананьня гэтых правілаў. Мікалай адказвае, што немагчыма некаторыя правілы выконваць».
Пра некаторыя выстаўленыя абвінавачаньні, кажа Валерыя, Мікалай даведваўся празь нейкі час, пры тым, што з боку турэмшчыкаў не было абавязковага патрабаваньня спыніць парушэньне рэжыму. Судзьдзя высьвятляе, ці былі такія патрабаваньні, бо за парушэньні Дзядка ўжо каралі.
Пра выгляд Мікалая Дзядка ягоная жонка кажа:
«Выглядае ён худым. Я нават ня ведала раней, што ў яго акуляры памяняліся. Дужа тоўстыя лінзы сталі. Вочы дужа вялікія праз гэтыя акуляры. Зрок у яго настолькі пагоршыўся, што я нават разгубілася спачатку.
Валерыя Хоціна перасьлед зьняволенага мужа зьвязвае з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў:
Улады апасаюцца разьвіцьця нейкага перадвыбарчага сцэнару, альбо пасьлявыбарчага, паколькі ў нас цяпер экстрэмістамі лічацца ўсе, хто выступае хоць неяк супраць існуючай улады.
«Улады апасаюцца разьвіцьця нейкага перадвыбарчага сцэнару, альбо пасьлявыбарчага, паколькі ў нас цяпер экстрэмістамі лічацца ўсе, хто выступае хоць неяк супраць існуючай улады. Яны чамусьці лічаць тых, каго пасадзілі ў 2010 годзе па „справе анархістаў“, лідэрамі. Але гэта поўная лухта. У анархісцкім руху няма лідэраў, таму казаць, што нехта адзін выйдзе і народ за ім пойдзе, — гэта трызьненьне. Для мяне відавочна, што гэта разьменная манэта, і я не разьлічваю, што будзе менш за год».
Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкула аб хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. У турму № 4 яго зьмясьцілі пасьля нібыта злоснага парушэньня рэжыму ў шклоўскай калёніі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Мікалая Дзядка палітвязьнем.