Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жбанкоў: «У ЭГУ дыктатура, нічым ня лепшая за лукашэнкаўскую»


Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў пацьвердзіў: супрацоўнікі ЭГУ ўпэўненыя, што звальненьне Паўла Церашковіча — гэта толькі пачатак чарады звальненьняў, у выніку якіх унівэрсытэт будзе пазбаўляцца менавіта ад беларускіх выкладчыкаў

Заяву адміністрацыі ЭГУ пра пачатак працэдуры конкурсу на адбор выкладчыкаў, у якой разам з гэтым адзначаецца, што Сэнат чыніць перашкоды для яе правядзеньня, а яго прадстаўнікі «адкрыта ачарняюць кіраўніцтва і кіраўнічыя органы ўнівэрсытэту», а таксама маніпулююць студэнтамі і запалохваюць іх, пракамэнтаваў сябра Сэнату, выкладчык ЭГУ Максім Жбанкоў.

Паводле Максім Жбанкова, у заяве мноства скажэньняў фактаў, і яна маніпулятыўная па сваёй сутнасьці:

«Там напісана, што „група выкладчыкаў выкарыстоўвала свае пасады ў Сэнаце, каб перашкодзіць арганізацыі адкрытага конкурсу“. Але большасьць дэмакратычнага Сэнату — ня група выкладчыкаў. Мы занялі свае месцы ў Сэнаце ў выніку дэмакратычнай працэдуры выбараў. З гэтага вынікае, што мы прадстаўляем інтарэсы большасьці выкладчыкаў ЭГУ. Адміністрацыі проста выгадна прадстаўляць нас у інфармацыйнай прасторы невялікай групай. А насамрэч ёсьць масавая незадаволенасьць курсам адміністрацыі».

Што да адкрытага конкурсу, то, паводле Статуту ЭГУ, яго цалкам павінен рыхтаваць Сэнат.

«На практыцы маем тое, што Сэнат ад гэтай працэдуры адхілены, а адміністрацыя ўсё вырашае сама. Нам яна прапануе проста далучыцца да рэформаў. Таму калі адміністрацыя піша, што „прапаноўвала Сэнату зрабіць унёсак у гэты працэс“, то яна хітруе. Фактычна адміністрацыя нам прапаноўвала ўдзельнічаць у працэсе, які заплянавала яна і на сваіх умовах. Натуральна, мы на гэта не пагаджаемся, таму што гэта парушэньне правілаў існаваньня акадэмічнай установы», — тлумачыць Максім Жбанкоў.

Максім Жбанкоў пацьвердзіў: супрацоўнікі ЭГУ ўпэўненыя, што звальненьне Паўла Церашковіча — гэта толькі пачатак чарады звальненьняў, у выніку якіх унівэрсытэт будзе пазбаўляцца менавіта ад беларускіх выкладчыкаў:

«Цяпер мы існуем у сытуацыі, калі Адміністрацыя абсалютна не хавае, што будуць скарачэньні кадраў, перадусім беларускіх. І гэтае сьцьвярджэньне паходзіць менавіта ад адміністрацыі. Мы проста агучваем гэтыя намеры, але гэта не паклёп, як пра гэта піша адміністрацыя ў чарговай заяве. Таксама там ёсьць сьцьверджаньне, што мы агучваем ультыматумы кіраўнічым органам і пагрозы арганізаваць страйк. Насамрэч гэта таксама падмена паняткаў. Размова вядзецца пра вотум недаверу, які быў падтрыманы абсалютнай большасьцю на пазачарговым паседжаньні Сэнату. Вотум недаверу быў выказаны двум прарэктарам Аляксандру Каўбаску і Бярнардасу Гайлюсу. А прапанова рэктару Міхайлаву — выйсьці ў ганаровую адстаўку. Гэта знак пашаны да ягоных былых дасягненьняў і пазначэньне, што цяпер сытуацыя выглядае катастрафічна. Таму гэта не ўльтыматум, гэта пазначэньне канкрэтнай сытуацыі».
Мы ведаем, што ў самы блізкі час рыхтуюцца чарговыя звальненьні нязгодных. Я ведаю, што я таксама ў гэтым сьпісе

Паводле сябра Сэнату, пагрозы і запалохваньні ідуць менавіта ад прадстаўнікоў адміністрацыі. Выкладчыкаў палохаюць звальненьнем, студэнтаў — спыненьнем фінансаваньня ўнівэрсытэту ў выніку пратэстных акцыяў:

«Зьдзіўляе і пасаж пра нагнятаньне страху з боку Сэнату на студэнтаў. Мне здаецца, усё наадварот. Чым, як не нагнятаньнем страху, ёсьць тэрміновае звальненьне кіраўніка Сэнату, прафэсара Паўла Церашковіча пасярод навучальнай сэсіі? Недвухсэнсоўнае папярэджаньне ад кіраўніка свайго Віргіса Валенцінавічуса пра звальненьне атрымала таксама лектар Дэпартамэнту сацыяльных і палітычных навук Тацяна Чуліцкая. Студэнты кажуць, што таксама сутыкаюцца з пагрозамі з прычыны магчымага ўдзелу ў акцыях у падтрымку Сэнату. Мы ведаем, што ў самы блізкі час рыхтуюцца чарговыя звальненьні нязгодных. Я ведаю, што я таксама ў гэтым сьпісе. Гэта і ёсьць самае сапраўднае нагнятаньне страху. Такім чынам, сучасны ЭГУ — гэта адміністратыўная дыктатура. Па сутнасьці, нічым ня лепшая за лукашэнкаўскую».

Сярод студэнтаў ЭГУ сабрана каля 300 подпісаў супраць звальненьня Паўла Церашковіча. Віртуальныя подпісы ў падтрымку звольненага прафэсара зьбіраюць і на сайце change.org, там сабрана больш за 550 подпісаў.


Канфлікт у ЭГУ


Канфлікт адміністрацыі ўнівэрсытэту і выкладчыкаў ЭГУ, якія аб’яднаныя ў прафсаюз выкладчыкаў «Плятформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.

13 студзеня рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэньне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэньне 17 выкладчыцкіх пасадаў.

Старшыня сэнату ЭГУ Павал Церашковіч выказаў сумнеў у справядлівасьці і празрыстасьці гэтага конкурсу. Асноўная асьцярога, якую маюць прадстаўнікі сэнату, зьвязаная з тым, якім чынам будзе фармавацца конкурсная камісія.

9 лістапада прайшлі выбары ў сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які працуе ў Вільні. Сэнат — галоўны орган акадэмічнага самакіраваньня. У сэнат прайшло 12 з 13 прадстаўнікоў дэмакратычнай плятформы «За новы ЭГУ». Яна аб’яднала выкладчыкаў, нязгодных з прапанаваным адміністрацыяй ВНУ плянам разьвіцьця ўнівэрсытэту.

«Плятформа» хоча вярнуць праекту ЭГУ ягоны першапачатковы сэнс — эфэктыўнай беларускай гуманітарнай ВНУ з эўрапейскай якасьцю адукацыі і навуковай працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG