Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне грамадзянку Беларусі аштрафавалі за пратэрмінаваны беларускі пашпарт. Яна пайшла ў суд


Пашпарт Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Пашпарт Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Яна не пагадзілася, пайшла ў суд супраць Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны і выйграла яго. Суд прызнаў, што адсутнасьць дзейнага пашпарта Беларусі не зьяўляецца доказам незаконнасьці знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны, калі ёсьць дзейны дазвол на жыхарства.

Грамадзянка Беларусі жыве ва Ўкраіне з 2008 году на падставе дазволу на сталае жыхарства. У 1999 годзе яна выйшла замуж за грамадзяніна Ўкраіны, у шлюбе яны маюць дваіх дзяцей. Беларуска працуе на пад’ёмным кране ў прыватнай кампаніі. Дазвол на пражываньне дзейны да 6 чэрвеня 2033 году.

У сьнежні 2023 году Галоўнае ўпраўленьне Дзяржаўнай міграцыйнай службы (ДМС) у Днепрапятроўскай вобласьці склала на яе адміністрацыйны пратакол аб парушэньні правілаў знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, бо яна пражывала ва Ўкраіне паводле пашпарта, тэрмін дзеяньня якога скончыўся 1 жніўня 2023 году. Паводле гэтага пратаколу, яна мусіла сплаціць штраф у памеры 3400 грыўняў.

У сваім пазове аб скасаваньні штрафу беларуска адзначыла, што тэрмін дзеяньня яе пашпарта скончыўся 1 жніўня 2023 году, аднак праз увядзеньне ва Ўкраіне ваеннага становішча і актыўныя баявыя дзеяньні яна аб’ектыўна ня мае магчымасьці выехаць у Беларусь, каб абмяняць дакумэнт. Пры гэтым яна падкрэсьліла, што не парушала парадку рэгістрацыі іншаземцаў ва Ўкраіне.

Пазыцыя міграцыйнай службы

Прадстаўнік міграцыйнай службы ў судзе настойваў, што пражываньне ва Ўкраіне на падставе дазволу на жыхарства бязь дзейнага пашпартнага дакумэнту зьяўляецца парушэньнем заканадаўства.

Паводле яго, міграцыйныя органы зьвярнулі ўвагу беларускі на неабходнасьць абмену пашпарта, калі яна мяняла дазвол на жыхарства — перад гэтым яе аштрафавалі за тое, што папяровы дазвол пашкоджаны і па ім немагчыма ідэнтыфікаваць яе асобу (раней ва Ўкраіне дазволы мелі выгляд папяровай кніжкі, падобнай да пашпарта іншаземца, цяпер замест іх выдаюць плястыкавыя карткі, якія выдаюцца на 10 гадоў з магчымасьцю працягнуць. — РС).

«У час афармленьня дазволу супрацоўнікі ДМС зьвярнулі яе ўвагу на неабходнасьць абмену пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, тэрмін якога канчаўся 1 жніўня 2023 году, і папярэдзілі за адказнасьць. Аднак асоба праігнаравала законныя патрабаваньні», — адзначыў прадстаўнік ДМС.

Паводле яго, беларуска таксама не падала ані доказаў, што спрабавала абмяняць пашпарт, ані фактаў перасьледу яе ў Беларусі, якія прымусілі яе парушыць закон. Прадстаўнік ДМС перакананы, што палітычная сытуацыя ў Беларусі і агульнае становішча ва Ўкраіне самі па сабе «ня могуць яе апраўдаць».

Пазыцыя суду

Паводле судзьдзі, згодна з законам «Аб прававым статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства», іншаземныя грамадзяне, якія прыехалі ва Ўкраіну для ўзьяднаньня сям’і і атрымалі дазвол на сталае жыхарства, знаходзяцца ва Ўкраіне на законных падставах, а сам дазвол на сталае жыхарства зьяўляецца пасьведчаньнем асобы і пацьвярджае права на жыхарства ва Ўкраіне.

Суд перакананы, што адміністрацыйная адказнасьць для іншаземца за пражываньне на тэрыторыі Ўкраіны зь нядзейным дакумэнтам ці дакумэнтамі, тэрмін дзеяньня якіх скончыўся, наступае менавіта ў выпадку нядзейнасьці дазволу на жыхарства, а не нацыянальнага пашпарта.

Згодна з рашэньнем суду, да адміністрацыйнай адказнасьці асобу можна прыцягнуць толькі ў выпадку, калі яна пражывае на падставе пратэрмінаванага дазволу на жыхарства.

Суд прызнаў адсутнасьць віны беларускі ў правапарушэньні. Улічваючы «палітычную сытуацыю ва Ўкраіне, спыненьне палітычных дачыненьняў паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь, прыпыненьне дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны консульстваў Беларусі, заяўніца аб’ектыўна, зь незалежных ад яе прычын пакуль што пазбаўлена магчымасьці ажыцьцявіць абмен пашпартнага дакумэнту», — сказана ў судовай пастанове.

У выніку суд скасаваў пастанову Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны аб спагнаньні штрафу з грамадзянкі Беларусі за адсутнасьць дзейнага нацыянальнага пашпарта.

Што папярэднічала

Раней грамадзяне Беларусі, якія стала пражывалі на тэрыторыі іншаземных краін, у тым ліку і Ўкраіны, маглі абмяняць пашпарт у консульскіх установах.

4 верасьня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў», які ўнёс зьмены ў Палажэньне аб дакумэнтах, якія сьведчаць асобу, зацьверджанае ўказам № 294 ад 3 чэрвеня 2008 году. У адпаведнасьці зь імі выдача і абмен пашпарта грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца на консульскім уліку, ажыцьцяўляецца органам унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі. Выключана норма аб тым, што МЗС праводзіць выдачу і абмен пашпарта грамадзяніну, які выехаў з краіны для часовага знаходжаньня і заявіў аб сваім жаданьні аформіць дазвол на пастаяннае пражываньне за межамі Беларусі.

Беларускія дыпляматы выехалі з Украіны амаль празь месяц пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое адбылося на ўкраінскую тэрыторыю ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

Афіцыйны сайт беларускай амбасады Ўкраіны не абнаўляецца з 1 сакавіка. З 27 лютага 2022 году ў амбасадзе не адказваў ніводзін тэлефон — ні гарадзкі, зь якога раней сакратарка магла пераключыць на дыпляматаў, ні мабільны тэлефон консула, службовы абавязак якога — дапамагаць грамадзянам Беларусі, якія трапілі ў надзвычайную сытуацыю ва Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG