Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Івацэвіцкім раёне зьявіліся крыжы ў гонар расейскіх цароў


Высокія, больш як трохмэтровыя крыжы з надпісамі ў гонар расейскай царскай дынастыі Раманавых зьявіліся ў вёсцы Бялавічы Івацэвіцкага раёну.

Мясцовыя ўлады кажуць, што ня маюць да гэтага дачыненьня і што іх самавольна ўсталяваў выхадзец зь Бялавіч.

Адзін з драўляных крыжоў усталяваны ў вёсцы Бялавічы, а другі — у лесе побач. Адразу ж увагу мінакоў прыцягваюць выпаленыя на крыжах надпісы — «Святая Русь», «Вера, царь и отечество», «1613–2013», «Прости нас, государь».





Менавіта з 1613 году ў Расеі панавала царская дынастыя Раманавых, таму бялавіцкія людзі кажуць, што крыжы ўсталяваныя ў гонар расейскіх цароў.

Як распавёў тутэйшы жыхар, крыжы паставіў выхадзец зь Бялавіч, адэпт праваслаўя, які часам прыяжджае сюды ў царкву:

«Адэпт праваслаўя... Я зь ім і гаварыць цяпер не хачу... Чарнасоценец нейкі, з мэдалём нейкім ходзіць, ён зьвязаны зь нейкімі тымі... то пра казакоў нешта мне тут плёў... 1965 году, недзе жыве ў Белаазёрску ці Пясках. Сям’я ёсьць, дзеці ёсьць. Я бачыў яго гэтае шчырае — з барадою ходзіць, паклоны б’е, але ж ня думаў, што ў такой ступені... Пастаўленая Хрыстом царква, але ж не ў такой ступені, што пхаць сюды палітыку. На крыж палітыку запхнуў... Чарнасоценскі лёзунг...»

У Івацэвіцкім райвыканкаме Свабодзе паведамілі, што крыжы ўсталяваныя без дазволу ўладаў і што цяпер з гэтым разьбіраюцца:

«Там гэтыя крыжы нейкі зь Белаазёрску мужык паставіў. Самавольна. Старшыні сельскага савету дадзеная каманда ў месячны тэрмін разабрацца, яго прыцягнуць да таго, каб ён іх пазносіў. Ніхто ня супраць гэтых прыдарожных крыжоў, але яны нейкія там незразумелыя... Там больш чарнасоценнае нешта...»



У райвыканкаме паведамілі, што бліжэйшым часам крыжы прыбяруць.

Вёска Бялавічы сёньняшняга Івацэвіцкага раёну вядомая зь першай паловы XV стагодзьдзя. У 1630 годзе тут пабудавалі ўніяцкую Ільлінскую царкву. Цяпер царква праваслаўная, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. На пачатку панаваньня ў Расеі Раманавых Бялавічы былі ў складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дзяржавы, якая варагавала з Расеяй. У склад Расейскай імпэрыі Бялавічы трапілі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе.

Ільлінская царква
Ільлінская царква
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG