26 кастрычніка эканамічны суд Гомельскай вобласьці задаволіў пазоў мясцовага мясакамбінату да «Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ» — заснавальніка сайта «Сильные новости».
Зьмешчаныя на сайце зьвесткі пра тое, што ў прадукцыі мясакамбінату ўтрымліваюцца пабочныя прадметы, прызнаныя не адпаведнымі рэчаіснасьці — яны ганьбяць дзелавую рэпутацыю прадпрыемства. Цэнтар рэгіянальнага разьвіцьця мусіць надрукаваць на сайце абвяржэньне, выбачыцца і кампэнсаваць мясакамбінату судовыя выдаткі ў памеры 420 рублёў.
Прычынай разбору, як патлумачылі ў рэдакцыі навіннага парталу, стала публікацыя «Фотофакт: „Поесть и животинку погладить“: на Гомельском мясокомбинате изготовили колбасу со шкурой и шерстью внутри».
Здымак кавалка каўбасы, у якім відаць скура і поўсьць, выклаў у ліпені праз суполку «Сильные новости» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» адзін з чытачоў. І падпісаў гэтак: «Вот какую колбаску я купил... Кусок шкуры с шерсткой внутри... Больше гомельскую никогда не покупаю и вам не советую».
Навіну паглядзелі звыш 20 тысяч наведнікаў сайта. Адрэагавала на яе і ААТ «Гомельскі мясакамбінат». Прадстаўнік прадпрыемства патэлефанаваў у рэдакцыю і заявіў, што такі гатунак каўбасы не вырабляецца з 2015 году. Апроч таго, на каўбасе ня бачна этыкеткі мясакамбінату.
Чытач пацьвердзіў, што здымак зроблены летась. Новую акалічнасьць дадалі ў паведамленьне пра каўбасу. Аднак кіраўніцтва камбінату гэта не задаволіла — у суд паступіў пазоў на абарону дзелавой рэпутацыі.
У судзе прадстаўнік мясакамбінату заявіў, што адказчык не прывёў пераканаўчых фактаў наконт таго, што каўбаса з пабочнымі прадметамі была вырабленая менавіта на Гомельскім мясакамбінаце. Апрача таго, сам аўтар фатаздымку не прадʼяўляў прэтэнзіяў ані камбінату, ані розьнічнаму гандлю.
Пазыцыя адказчыка заключалася ў тым, што сайт «Сильные новости» не зьяўляецца непасрэднай крыніцай інфармацыі і ацэнкі якасьці прадукцыі мясакамбінату — гэта зрабіў шараговы спажывец, чытач сайта. Ацэначнае меркаваньне чытача, на думку адказчыка, наагул ня можа разглядацца як ганьбаваньне дзелавой рэпутацыі прадпрыемства.
«Цэнтар рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ» плянуе абскардзіць вырак эканамічнага суду.