Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прызначылі чарговы завочны суд, сярод фігуратаў — Вераніка Цапкала і Анатоль Котаў


Зьлева направа: Яўген Вільскі, Вадзім Дзьмітранок, Вольга Карач, Анатоль Котаў, Вераніка Цапкала. Каляж ПЦ «Вясна»
Зьлева направа: Яўген Вільскі, Вадзім Дзьмітранок, Вольга Карач, Анатоль Котаў, Вераніка Цапкала. Каляж ПЦ «Вясна»

25 чэрвеня ў Берасьцейскім абласным судзе пачнецца разгляд яшчэ адной крымінальнай справы ў фармаце «спэцыяльнага вядзеньня», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Гэтым разам сярод тых, каго будуць судзіць завочна:

  • Вераніка Цапкала, жонка і лідэрка штабу Валерыя Цапкалы на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 2020 году, пасьля нерэгістрацыі мужа стала прадстаўніцай аб’яднанага штабу Ціханоўскай,
  • Анатоль Котаў — палітоляг, былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі,
  • Вольга Карач — беларуская актывістка і праваабаронца, кіраўніца Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом»,
  • Яўген Вільскі — выканаўца абавязкаў старшыні беларускай сацыял -дэмакратычнай партыі «Народная грамада»
  • Вадзім Дзьмітранок — беларускі архітэктар, раней асуджаны на 3 гады «хіміі» за ўдзел у акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Перамен 15 лістапада 2020 году па артыкуле 342 КК РБ.

Працэс будзе весьці судзьдзя Андрэй Лешчанка.

Фігурантаў справы абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў — «змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК), «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК), «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК) і «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК).

  • У 2022 годзе ўлады Беларусі зьмянілі заканадаўства. Хоць у артыкуле 115 Канстытуцыі засталіся словы аб правасудзьдзі на падставе спаборнасьці і роўнасьці бакоў, на справе сытуацыя выглядае па-рознаму. Гаворка ідзе пра завочныя суды над тымі грамадзянамі Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, іх праводзяць у так званым «фармаце спэцвядзеньня». Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» спраў у Беларусі ўвялі ў дачыненьні да тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой.
  • Праз завочныя суды ў Беларусі з 2022 году прайшлі ўжо дзясяткі чалавек. Часта яны атрымлівалі вялікія тэрміны.
  • Першыя завочныя выракі былі вынесеныя на пераломе 2022/2023 гадоў. Фігуранты такіх спраў атрымалі па 12 гадоў калёніі. Гаворка ішла пра на той момант прадстаўнікоў Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна і фігурантаў крымінальнай справы супраць адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі».
  • Судзілі завочна таксама вядомых апазыцыянэраў. Менавіта такім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму). 25 гадоў атрымалі былы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў і адзін з арганізатараў ByPol Аляксандар Азараў. Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.
  • Цяпер пачаліся падобныя працэсы ў справах праваабаронцаў, журналістаў і аналітыкаў. У Гомельскім абласным судзе завочна судзяць праваабаронцу Леаніда Судаленку. У Менскім абласным судзе ідзе працэс у дачыненьні «групы аналітыкаў Ціханоўскай». У «злачынную» групу трапілі нават тыя, хто пасьлядоўна крытыкаваў дэмакратычную лідэрку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG