Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом: 7 сакавіка ЗША ў пісьмовай форме папярэдзілі Расею пра тэрарыстычную пагрозу


Джон Кірбі
Джон Кірбі

Белы дом назваў «лухтой» сьцьвярджэньні Расеі пра датычнасьць Украіны да нападу на канцэртную залю Crocus City Hall, падкрэсьліўшы, што «адзіная адказнасьць» за тое, што здарылася, ляжыць на групоўцы «Ісламская дзяржава».

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Выступаючы ў чацьвер на брыфінгу для журналістаў, дарадца Белага дому па камунікацыях у сфэры нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі заявіў, што ЗША перадалі расейскім спэцслужбам пісьмовае папярэджаньне пра напад экстрэмістаў — адно з многіх, загадзя перададзеных Маскве.

Гэтая заява была зроблена пасьля таго, як раней у чацьвер Сьледчы камітэт РФ заявіў, што выявіў доказы таго, што тэрарысты, якія забілі на мінулым тыдні больш за 140 чалавек падчас нападу на канцэртную залю ў Падмаскоўі, былі зьвязаныя з «украінскімі нацыяналістамі».

У заяве СК РФ сьцьвярджаецца, што нападнікі атрымалі значныя сумы з Украіны ў наяўных грошах і ў крыптавалюце.

Кірбі назваў гэтае сьцьвярджэньне «глупствам і прапагандай».

Украіна катэгарычна адмаўляе якое-небудзь дачыненьне да нападу, які стаў самым сьмяротным у Расеі за апошнія 20 гадоў.

«Цалкам відавочна, што „Ісламская дзяржава“ нясе поўную адказнасьць за жахлівы тэракт у Маскве на мінулым тыдні, — заявіў Кірбі. — ЗША спрабавалі дапамагчы прадухіліць гэты тэракт. І Крамлю гэта вядома».

Кірбі заявіў, што перад тэрактам 22 сакавіка ўрад ЗША перадаў расейскім уладам дакладную падрабязную інфармацыю пра тэрарыстычную пагрозу ў дачыненьні да вялікіх сходаў і канцэртаў у Маскве.

«Сёмага сакавіка ў 11:15 раніцы па маскоўскім часе, прытрымліваючыся звычайных працэдур і па ўсталяваных каналах, якія ўжо неаднаразова выкарыстоўваліся раней, урад ЗША перадаў расейскім службам бясьпекі папярэджаньне ў пісьмовым выглядзе, — заявіў Кірбі. — Акрамя таго, на наступны дзень, восьмага сакавіка, мы выпусьцілі публічнае папярэджаньне, у якім прасілі амэрыканскіх грамадзянаў пазьбягаць вялікіх сходаў і канцэртаў у Маскве».

Кірбі падкрэсьліў, што ЗША даюць такую інфармацыю Расеі, таму што надзвычай сур’ёзна ставяцца да свайго абавязку папярэджваць пра магчымыя пагрозы.

«Мы ніколі не жадаем бачыць гібель нявінных людзей і тэрарыстычныя напады. І тая раніца была адной з многіх, калі ўрад Злучаных Штатаў перадаў Расеі зь верасьня 2023 году папярэджаньне пра розныя пагрозы, — сказаў ён. — І хоць публічнае папярэджаньне нашых амбасадаў, магчыма, утрымала зламысьнікаў ад нападу восьмага сакавіка, нашае папярэджаньне расейскаму ўраду і шырокай грамадзкасьці дакладна вызначыла тэрарыстычную пагрозу, скіраваную на канцэрты ў Маскве».

DW прыводзіць словы Кірбі, сказаныя наконт расейскіх абвінавачаньняў на адрас Украіны ў датычнасьці да нападу на Crocus City Hall: «Мой дзядзька казаў, што найлепшыя прадаўцы гною часта носяць узоры ў роце. Расейскія чыноўнікі здаюцца даволі добрымі прадаўцамі гною».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG