Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны (ISW): Расейскія ўлады імкнуцца прывязаць Захад да тэрору супраць Расеі


Crocus City Hall у падмаскоўным Краснагорску пасьля тэрарыстычнага нападу і пажару
Crocus City Hall у падмаскоўным Краснагорску пасьля тэрарыстычнага нападу і пажару

Пра гэта гаворыцца ў чарговым аналітычным аглядзе, выдадзеным амэрыканскім Інстытутам вывучэньня вайны (ISW).

«Расейскія афіцыйныя асобы імкнуцца прывязаць ЗША і Захад да шырэйшага кола „тэрарыстычных“ нападаў на Расею пасьля нападу на Crocus City Hall, імаверна, каб узмацніць антызаходнюю і антыўкраінскую рыторыку і ўмацаваць у грамадзтве падтрымку вайны ва Ўкраіне», — пішуць экспэрты ISW.

Яны зьвяртаюць увагу на заявы Сьледчага камітэту і Генпракуратуры РФ, што тыя разгледзяць зварот Дзярждумы РФ аб расьсьледаваньні фінансаваньня і арганізацыі тэрарыстычных нападаў супраць Расеі амэрыканцамі і заходнімі краінамі.

Экспэрты ISW нагадваюць, што крамлёўскія чыноўнікі раней зьвязвалі Ўкраіну і Захад з атакай на Crocus City Hall, але яшчэ ня вылучылі афіцыйнага абвінавачаньня. Паводле экспэртаў, Крэмль можа ўстрымацца ад вылучэньня афіцыйнага абвінавачаньня, бо ўсе наяўныя зьвесткі даводзяць, што да атакі мае дачыненьне «Ісламская дзяржава».

«Расейскія афіцыйныя асобы рэгулярна называюць украінскія ваенныя ўдары па законных ваенных аб’ектах на акупаванай тэрыторыі Ўкраіны і ў Расеі тэрарызмам, заяўляючы, што заходнія гульцы дапамагаюць арганізаваць гэтыя ўдары. Крэмль, верагодна, імкнецца скарыстацца шырэйшымі сацыяльнымі страхамі і гневам расейцаў пасьля нападу на Crocus City Hall, малюючы Ўкраіну, ЗША і Захад у цэлым як непасрэдныя тэрарыстычныя пагрозы», — адзначаецца ў аналітыцы.

Крэмль усё яшчэ можа афіцыйна абвінаваціць Украіну ў арганізацыі нападу на Crocus City Hall, калі ён палічыць, што ягоных цяперашніх намаганьняў недастаткова для таго, каб выклікаць жаданую ўнутраную рэакцыю, — пішуць экспэрты ISW.

Яны адзначаюць, што, нягледзячы на абвінавачаньні на адрас Украіны і Захаду, расейскія ўлады ўзмацняюць юрыдычны ціск на мігрантаў у Расеі. Расейская служба BBC News заявіла, што пасьля нападу ў Crocus City Hall значна вырасла колькасьць справаў, зьвязаных з парушэньнем правілаў уезду замежных грамадзян у Расею.

«Расейскія ўлады могуць працягнуць практыку рэйдаў па працоўных месцах мігрантаў і ўзмацніць рэпрэсіі на памежных пераходах, каб часова супакоіць эмацыйныя заклікі наконт адплаты пасьля нападу 22 сакавіка», — мяркуюць аналітыкі ISW.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG