Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць глыбоцкіх журналістаў распачалі справы пасьля сюжэту «Белсату» пра дом без капрамонту


Тацяна Смоткіна і Зьміцер Лупач
Тацяна Смоткіна і Зьміцер Лупач

Сюжэт пра пяціпавярховік на вуліцы Леніна, які ні разу ня бачыў капітальнага рамонту, выйшаў на тэлеканале «Белсат» 13-га красавіка. Напрыканцы відэасюжэту абвешчана імя стваральніка — Сяргей Пятрухін. Але позвы ў міліцыю, каб даць тлумачэньні праваахоўнікам, атрымалі незалежныя глыбоцкія журналісты Зьміцер Лупач і Тацяна Смоткіна.

Зьміцер Лупач расказаў «Свабодзе», што позву яму ўручыў асабіста старшы інспэктар аддзела аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц:

Міліцыянт сказаў адразу, што справа распачатая пасьля сюжэту пра дом, якому ўжо даўно патрэбны капрамонт.

«Мяне не было дома, дык знайшлі ў горадзе, і позву я атрымаў каля касьцёла. Міліцыянт сказаў адразу, што справа распачатая пасьля сюжэту пра дом, якому ўжо даўно патрэбны капрамонт. Аднак па якім артыкуле справа — не паведаміў. Усё стане ясна 27-га красавіка: мяне выклікаюць на 10-ю гадзіну, а журналістку Тацяну Смоткіну — на 11-ю».

Тацяна Смоткіна зьдзіўлена, бо да відэасюжэту яна ня мае ніякага дачыненьня:

«Калі не лічыць таго, што я сама жыву ў гэтым доме. Няўжо я такім чынам зрабіла правапарушэньне? Суседзі мне казалі, што міліцыя хадзіла па нашым доме, распытвала ўсіх, хто гаворыць у сюжэце. І пыталася, ці ня бачылі ў двары нас, журналістаў. Вядома ж, нас у Глыбокім многія ведаюць і ведаюць, чым мы займаемся. Кажуць, адна спадарыня так і сказала: «Яны праўду гавораць, во дзе працуюць!»

Я гатовая схадзіць у міліцыю, калі хоць такім коштам нарэшце вырашацца праблемы мае і маіх суседзяў.

Сюжэт, кажа Тацяна Смоткіна, відавочна закрануў за жывое: у ім канстатавалася, што на рамонт дому грошай няма, але ж хапае сродкаў, каб будынак ЖКГ накрыць новым дахам. Наступствам выхаду праграмы «Белсату» у эфір стала тое, што ўжо 26-га красавіка глыбоцкая ЖКГ арганізуе сход для жыхароў дому і нешта зьбіраецца ім патлумачыць ці паабяцаць.

«Я гатовая схадзіць у міліцыю, калі хоць такім коштам нарэшце вырашацца праблемы мае і маіх суседзяў», — гаворыць журналістка.

У 2015-м годзе і яе, і калегу Зьмітра Лупача ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці l Глыбоцкі суд пакараў Тацяну Смоткіну штрафам памерам 25 базавых велічынь за матэрыял «Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі», разьмешчаны на сайце «Беларускага Радыё Рацыя» (Польшча). Зьміцер Лупач быў аштрафаваны на такую ж суму за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году», разьмешчаны на сайце «Эўрарадыё». Абодвух журналістаў прызналі вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб СМІ за супрацоўніцтва з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі. Абскардзіць прысуд Глыбоцкага райсуду журналістам не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG