Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёрты суд над блогерам Філіповічам прызначаны на 21 красавіка. За пінскую акцыю


Максім Філіповіч
Максім Філіповіч

Гомельскага блогера Максіма Філіповіча, удзельніка акцыяў пратэсту «недармаедаў» у Берасьці, Маладэчне, Пінску, зноў выклікаюць у суд Савецкага раёну Гомлю. Гэтым разам за сход у Пінску, які адбыўся 11 сакавіка.

«Сёньня я хадзіў у суд Савецкага раёну. У канцылярыі сказалі, што разгляд адміністрацыйнага пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Пінску прызначаны на 15 гадзін 21 красавіка. У судзе пацьвердзілі, што на даручэньне суду прыходзілі ўчора дадому міліцыянты, калі нікога з дарослых не было, і празь дзьверы пераказалі непаўналетняй дачцэ, каб я зьявіўся ў суд».

Максім лічыць адміністрацыйны пратакол зь Пінску помстай міліцыянтаў за тое, што яны не змаглі абараніць яго ад нападу невядомых у цывільным. Гэта зрабілі шараговыя пінчукі. А на патрабаваньне разабрацца прысутны на плошчы міліцэйскі начальнік параіў Філіповічу патэлефанаваць дзяжурнаму на «102».

«У Пінску, па-сутнасьці, не было мітынгу. Не было ні мэгафонаў, ні выступоўцаў. Быў адзін афіцыйны сьцяг, зь якім стаяў мужчына. Бела-чырвона-белы сьцяг я бачыў на плячах толькі ў аднаго гараджаніна. Людзі выйшлі на плошчу, размаўлялі паміж сабою, расказвалі журналістам пра сваё стаўленьне да дэкрэту № 3, пра беспрацоўе і нізкія заробкі. Апроч нападзеньня на мяне, на плошчы ніякіх іншых масавых дзеяньняў не адбывалася. Гэта будзе цікавы суд».

Філіповіч паведаміў таксама, што пра выпадак нападзеньня на яго ў Пінску невядомымі ў цывільным падаў у гомельскую пракуратуру заяву, якую перанакіравалі ў Пінск.

У сакавіку Максім Філіповіч за ўдзел у акцыях недармаедаў у Гомелі, Берасьці і Маладэчне быў у судзе Савецкага раёну тройчы пакараны арыштам. Усяго правёў за кратамі ў ізалятары УУС Гомельскага аблвыканкаму 23 дні. Падчас адбываньня пакараньняў Гомельскі гарвыканкам паведаміў, што вызваліў Філіповіча ад выплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год, калі яго звольнілі з працы кіроўцы ў ААТ «Сэйсматэхніка».

Акцыя 11 сакавіка 2017 года ў Пінску. Відэа Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG