Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў АГП судзяць за разгорнуты бела-чырвоны-белы сьцяг ля турмы на Акрэсьціна


У Маскоўскім раённым судзе Менску пачаліся адміністрацыйныя працэсы над актывістамі АГП.

Прэсавага сакратара АГП Ганну Красуліну судзяць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — 30 сакавіка яна разам зь іншымі актывістамі АГП сустракала каля ізалятару на Акрэсьціна свайго аднапартыйца, Дзьмітрыя Кавалгіна, які выходзіў з ізалятару пасьля 5 сутак арышту за Дзень Волі. Тады актывісты разгарнулі бела-чырвона-белы сьцяг пад турэмнымі вокнамі.

Ганна Красуліна выказала недавер судзьдзі Віктару Казаку:

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

«Вы асудзілі мяне ўлетку незаконна, да таго ж я сумняваюся ў вашым прафэсіяналізьме», — заявіла суду актывістка. Судзьдзя Віктар Казак адвод Ганны Красулінай адпрэчыў, заявіўшы, што «няма падстаў задавальняць хадайніцтва».

Таксама ў Маскоўскім райсудзе судзяць намесьніка старшыні менскай гарадзкой арганізацыі АГП Дзьмітрыя Кавалгіна. Ягоную справу разглядае судзьдзя Тацяна Матыль, вядомая шматлікімі працэсамі над апазыцыянэрамі. Дзьмітрый Кавалгін абвінавачаны ва ўдзеле ў сустрэчы самога сябе з турмы на Акрэсьціна.

Дзьмітры Кавалгін
Дзьмітры Кавалгін

«Мяне судзяць за сустрэчу самога сябе? Сьмешна», — сказаў у судзе Дзьмітры Кавалгін.

Працэс над Ганнай Красулінай спынены, бо не зьявіліся сьведкі-міліцыянты. Працяг прызначаны на пятніцу, 21 красавіка. Такое ж рашэньне і па справе Дзьмітрыя Кавалгіна, бо ў яго тыя ж сьведкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG