Старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала заявіў 3 красавіка, што ў Менскі гарадзкі суд паступіла 9 скаргаў на рашэньні судоў у адміністрацыйных справах за ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску, перадае БелаПАН.
Скаргі на дадзены момант аналізуюцца, праверка мае завершыцца да сярэдзіны красавіка.
На просьбу даць ацэнку затрыманьням у тым ліку пажылых людзей, Сукала адказаў:
«Калі я выкажу, як судзьдзя, сваю пазыцыю і пункт гледжаньня, гэта будзе ўзьдзеяньне і ціск на суды, якія цяпер аналізуюць сытуацыю. Старшыня Вярхоўнага Суду мае права апратэставаць такія рашэньні, таму я выкажу сваю пазыцыю шляхам вынясеньня адпаведных пратэстаў. А калі я выкажуся сёньня, то Менскаму гарадзкому суду ня будзе чаго рабіць, і ён ужо будзе пад ціскам старшыні Вярхоўнага Суду».
На пытаньне пра ацэнку працы судоў, у прыватнасьці тады, калі відэадоказы супярэчылі прынятым судамі паказаньням сьведак-міліцыянтаў, ён заявіў, што ацэнка доказаў — «выключнае права судоў першай інстанцыі». Ён нагадаў, што сьведка нясе адказнасьць за праўдзівасьць паказаньняў. Сукала паабяцаў, што ў выпадку выяўленьня парушэньняў і няправільных прысудаў апошнія будуць скасаваныя, а да судзьдзі могуць быць ужытыя санкцыі.
Раней намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Валеры Калінковіч заявіў пра адсутнасьць «судовых канвэераў» — дзейнасьці судоў паводле зададзенай праграмы. «Вы лічыце мяне ідыётам? Я не хачу сядзець 5 гадоў», — казаў ён.