Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Магілёве апраўдаў праваабаронцу Андрэя Бандарэнку


Суд над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам. Магілёў, 29 сакавіка 2107 году
Суд над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам. Магілёў, 29 сакавіка 2107 году

Ленінскі раённы суд Магілёва вынес вырак зьняволенаму праваабаронцу Андрэю Бандарэнку, тэрмін трохгадовага зьняволеньня якога заканчваецца 31 сакавіка 2017 году.

Судзьдзя Сяргей Мазураў вырашыў, што ў дзеяньнях Бандарэнкі адсутнічае склад злачынства, што ён не імкнуўся супрацьдзейнічаць турэмнай адмістрацыі:

«Не вінаваты. Апраўдаць»,— пастанавіў судзьдзя.

Падсудны Андрэй Бандарэнка пасьля вынясеньня апраўдальнага прысуду заявіў:

«Толькі дзякуючы грамадзтву быў агучаны такі вырак, я яго не чакаў. Гэта крыху зьмяніла маё стаўленьне да беларускай судовай сыстэмы».

Пракурор Сяргей Мінаў у судовых спрэчках прасіў суд даць Бандарэнку 1 год строгага рэжыму, узяўшы яго пад варту. Ён лічыць, што віна Бандарэнкі даказаная паводле артыкулу 411 2 часткі. Паводле абвінаваўцы, сыстэматычна парушаў парадак адбываньня паказаньня ў папраўчай установе. Спаслаўся на паказаньні сьведак. Згадаў, што Бандарэнка віну не прызнаў, але рапарты супрацоўнікаў адміністрацыі турмы пацьвярджаюць, што асуджаны парушэньні зьдзяйсьняў. Пракурор Мінаў інтэрпрэтаваў тое, што суды не задаволілі скаргаў Бандарэнкі, як слушнасьць дзеяньняў турэмнікаў. Недакладнасьці ў паказаньні турэмнікаў, зазначыў Мінаў, нязначныя і не ўплываюць на аб’ектыўнасьць сьледзтва.

Пракурор Мінаў назваў Бандарэнку небясьпечным для грамадзтва чалавекам.

Адвакат Бандарэнкі Вадзім Мушынскі папрасіў суд вынесьці апраўдальны прысуд, каб 31 сакавіка падабаронны змог абняць свайго бацьку. Мушынскі даводзіў суду, што яго падабароннага ўжо каралі ў дысцыплінарным парадку за правапарушэньні, якія далі падставы для крымінальнай справы. Таму, казаў адвакат, Бандарэнку нельга прыцягваць да адказнасьці паводле 411 артыкулу, паколькі будзе парушаны найважнейшы прынцып юрыспрудэнцыі: нельга караць за адно правапарушэньне двойчы.

Мушынскі зьвярнуў увагу суду, што справа Бандарэнкі рэзанансная, пра што сьведчыць, паводле яго, поўная заля людзей. Мушынскі адзначаў, што ў паказаньнях супрацоўнікаў турмы былі супярэчнасьці і яны «відавочна заблыталіся». Паказаньні не пасьлядоўныя, не праўдзівыя і трактуюцца супраць Бандарэнкі, настойваў адвакат.

Бандарэнку не давалі магчымасьці асабіста даваць тлумачэньні наконт таго, у чым яго вінавацяць, казаў Мушынскі. Тры эпізоды правапарушэньняў, паводле якіх распачалі справу, у судзе не даказаныя, лічыць адвакат. Адміністрацыя папраўчай установы пасьпяшалася з рапартам у Сьледчы камітэт, каб распачалі справу.

«Так, Бандарэнка няпросты асуджаны для папраўчай установы. Ён пісаў скаргі, і магчыма на іх так адрэагавала адміністрацыя», — выказаўся адвакат Мушынскі.

У апошнім слове Андрэй Бандарэнка выказаў спадзеў, што суд вынесе аб’ектыўнае рашэньне. Ён заявіў, што карані суду над ім паводле 411-га артыкулу варта шукаць у 2014 годзе, калі яго асудзілі на чатыры гады.

На ягоную думку, месцы пазбаўленьня волі выконваюць функцыю не выпраўленьня, але ўціску. Падсудны прыгадаў лёс палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча і Мікалая Дзядка, якія таксама сутыкнуліся з 411-м артыкулам.

Бандарэнка правёў паралель з 1937 годам, калі са сканчэньнем старога тэрміну дабаўляўся новы:

«Ствараецца пры гэтым ілюзія законнасьці, але насамрэч робіцца націск на асуджаных».

Бандарэнка нагадаў, што ў бабруйскай і шклоўскай турмах былі пагрозы ягонаму жыцьцю, і ён зьвярнуўся, каб яго перавялі на бясьпечны рэжым, а калі тэрмін яго скончыўся, то іншага выйсьця, як ратавацца ў турме, у яго не было.

Бандарэнка таксама казаў аб правакацыях адміністрацыі папраўчых устаноў супраць яго. У прыватнасьці, выносіліся дысцыплінарныя спагнаньні за нязначныя парушэньні, якія прывялі да таго, што яго паставілі на прафіляктычны ўлік як злоснага парушальніка рэжыму. У турме, казаў Бандарэнка, за першыя пяць месяцаў са сьнежня 2015 году да траўня 2016 году не было прэтэнзіяў. Потым жа пачалі выносіць спагнаньні за ўчынкі, зробленыя раней. На думку Бандарэнкі, аб’ектыўнасьць расьсьледаваньня зьведзена да звычайнай фармальнасьці, маўляў, шмат не дадуць па справе. Бандарэнка заявіў, што ня лічыць злоснымі парушэньнямі зафіксаваны выпадак ляжаньня на ложку ў неналежны час, перагаворваньне ў турэмным калідоры падчас канваяваньня зь іншым асуджаным, а таксама недакладаньне супрацоўніку турмы, які ўвайшоў у камэру, ды выяўлены брак у вырабленай прадукцыі.

"Дужа цяжка не падпасьці пад уціск у папраўчай установе, калі бароніш свае правы. Мяне перасьледавалі на працягу трох гадоў. Зьвінавацілі ў тым, чаго я не рабіў, і што было даведзена да 411-га артыкулу",— завяршыў выступ Бандарэнка.

Бандарэнку абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу — у злосным парушэньні парадку адбыцьця пакараньня ў турме № 4. За тры дні да сканчэньня трохгадовай няволі Бандарэнку пагражаюць яшчэ два гады паводле другой часткі артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу.

Сваёй віны Бандарэнка не прызнаў. Ён з адвакатам знаходзілі у словах кожнага са сьведкаў — кантралёраў і супрацоўнікаў магілёўскай турмы № 4 — супярэчнасьці ў паказаньнях. Але дзяржаўны абвінаваўца супярэчаньняў ня бачыў.

Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Інавэйшн», што займалася маніторынгам месцаў зьняволеньня. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнаньняў у розных месцах пазбаўленьня волі, дзе ён адбываў тэрмін. Праз гэта былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму

У выніку асуджэньня Бандарэнкі паводле ч. 2 арт. 411 КК праваабаронцы могуць прызнаць яго палітычным зьняволеным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG