Неабходнасьць яе правядзеньня супрацоўнікі мытні, паводле Ігара Барысава, аргумэнтавалі 144-м артыкулам Мытнага кодэксу Мытнага саюзу («Затрыманьне тавараў і дакумэнтаў на іх падчас правядзеньня мытнага кантролю»). Актывіст заяўляе, што дзеяньні супрацоўнікаў мытні лічыць неапраўданымі і зьбіраецца іх абскарджваць.
Ператрус рэчаў актывіста пачалі праводзіць у 21.40. «У руках мытнікаў я знаходзіўся больш за тры гадзіны. Паводзілі яны сябе карэктна. Па сканчэньні працэдуры выбачаліся», — сказаў Свабодзе па вызваленьні Ігар Барысаў.
Як ён заўважыў, ператрус мытнікі праводзілі «вельмі старанна». «Ідэнтыфікавалі нават лекі», — адзначыў актывіст. Акрамя агляду асабістых рэчаў, яго разьдзелі дагала.
Ігар Барысаў вяртаўся з Бэрліну, дзе браў удзел у кангрэсе «Прагрэсіўны альянс», які ладзіла нямецкая Сацыял-дэмакратычная партыя.
Падчас затрыманьня партыец паведаміў Свабодзе SMS-паведамленьнем. «Затрымалі ў аэрапорце, ужо 2 гадзіны трымаюць, забралі кампутар і флэшку на экспэртызу», — напісаў ён.
Ігар Барысаў адзін з арганізатараў магілёўскага «Маршу недармаедаў», заплянаванага на 15 сакавіка.