Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня «Маршы недармаедаў» у Менску, Горадні і Магілёве


Ілюстрацыйнае фота. Дзень волі — 2016, збор каля Акадэміі навук
Ілюстрацыйнае фота. Дзень волі — 2016, збор каля Акадэміі навук

15 сакавіка ў Менску пройдзе другі «Марш недармаедаў», які некаторыя актывісты называюць «рэпэтыцыяй перад 25 сакавіка».

У гэты ж дзень — другі гарадзенскі пратэст супраць дэкрэту № 3. У абодвух гарадах масавыя мерапрыемствы пройдуць ва ўмовах, калі большасьць лідэраў кампаніі «Мы не дармаеды» адбываюць адміністрацыйныя арышты.

Менск: акцыя дазволеная, шэсьце ў бок плошчы Бангалёр

Заяўнікі на прэс-канфэрэнцыі 13 сакавіка абвясьцілі, што акцыя пройдзе паводле зацьверджанага ўладамі сцэнару: збор а 17.30 каля Акадэміі навук, затым шэсьце ў бок плошчы Бангалёр.

Дзяніс Садоўскі
Дзяніс Садоўскі

«Вуліца Сурганава — гэта таксама наш горад. 15 сакавіка пройдзем па ёй. Але ніхто не ідзе на плошчу Бангалёр, там мітынгу ня будзе. Мы мяркуем, што фінальным пунктам шэсьця стане пляцоўка каля McDonald’s, дзе мы аб’явім, што наступная акцыя адбудзецца 25 сакавіка і будзе мець агульнанацыянальны характар», — патлумачыў Свабодзе адзін з заяўнікаў акцыі, прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі.

Ён адзначыў, што падчас збору каля Акадэміі навук будзе прынятая рэзалюцыя, але вялікай колькасьці выступаў ня будзе — мітынг там не дазволены. Паводле задаволенай гарадзкімі ўладамі заяўкі, шэсьце павінна адбыцца з 18.00 да 20.00.

«Мы падкрэсьліваем, што правядзем акцыю ў дазволеным фармаце. Цяпер неабгрунтаванымі рэпрэсіямі ахопленая ўся Беларусь. Заклікаем людзей да стрыманасьці. Мы ня хочам даваць уладам нагоду і далей чыніць рэпрэсіі. Таму мы вырашылі правесьці акцыю паводле зацьверджанага ўладамі маршруту. Акцыя дазволеная, узгоднены з уладамі маршрут дасьць магчымасьць вялікай колькасьць людзей бяз боязі паўдзельнічаць у ёй», — сказаў адзін з заяўнікаў Дзяніс Садоўскі.

Усяго ў аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» ўваходзяць 9 структур, сярод якіх АГП, БХД, рух «За свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя», БСДП(Г) ды іншыя. Кіраўнікі АГП, БХД і руху «За свабоду» Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец і Юрась Губарэвіч арыштаваныя падчас акцыі супраць дэкрэту № 3 ў Маладэчне і Воршы.

Тым часам у цэнтры Менску, паводле зьвестак парталу Tut.by, былі заўважаныя прынамсі пяць адмысловых машынаў для разгону дэманстрацыяў. На іх усталяваныя вадамёты і прыстасаваньні для расчысткі барыкадаў.

Горадня: акцыя не дазволеная, плянуецца мітынг

«Марш недармаедаў» у Горадні, які адбыўся 19 лютага
«Марш недармаедаў» у Горадні, які адбыўся 19 лютага

Мітынг заплянаваны на 18.00 у парку Жылібэра. Дазвол у гарадзкіх уладаў прасілі, але тыя адмовілі. Таму акцыя будзе несанкцыянаванай. Сытуацыя ўскладняецца тым, што 14 сакавіка адбываецца суд над 13 актыўнымі ўдзельнікамі гарадзенскага «Маршу недармаедаў», які адбыўся 19 лютага.

Паводле лідэра мясцовай суполкі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, якога таксама судзяць, улады ў сьпешным парадку імкнуцца асудзіць актывістаў, каб зьбіць акцыі пратэсту. Але, паводле яго, нават калі ўсіх лідэраў пасадзяць на суткі, мітынг, які плянаваўся на 15 сакавіка ў парку Жылібэра і які забаранілі гарадзкія ўлады, усё роўна адбудзецца.

Магілёў: дазволу на акцыю не прасілі

«Марш недармаедаў» 19 лютага ў Магілёве
«Марш недармаедаў» 19 лютага ў Магілёве

Магілёўскі гарвыканкам адмовіў дэмакратычным сілам Магілёва ў правядзеньні «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка, які мусіць пачацца а 18.00 ад дому па адрасе вул. Ленінская, 29. Заяўнікамі акцыі былі лідары мясцовых філіяў БХД Алег Аксёнаў, АГП Уладзімер Шанцаў, руху «За свабоду» Алесь Сілкоў і БСДП (Г) Ігар Барысаў.

А намесьнік старшыні малілёўскага аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч заявіў, што "людзей завуць на мітынг незаконна".

Алег Аксёнаў 14 сакавіка быў асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту.

Уладзімер Шанцаў быў затрыманы 14 сакавіка, суд над ім адбудзецца 15 сакавіка.

Больш за тры гадзіны ў Менскім аэрапорце праводзілі асабісты надгляд першага намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава. У партыйца забралі кампутар і электронныя носьбіты інфармацыі на экспэртызу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG