Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны пратэст супраць дэкрэту ніхто ня спыніць». Магілёўскі суд не прыняў да разгляду справу супраць удзельніка «Прагулкі недармаедаў»


Уладзімер Шанцаў каля Ленінскага аддзелу міліцыі
Уладзімер Шанцаў каля Ленінскага аддзелу міліцыі

Ленінскі суд Магілёва накіраваў на дапрацоўку матэрыялы адміністрацыйнай справы супраць старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава.

Пра гэта партыец даведаўся ў Ленінскім аддзеле міліцыі, куды яго выклікалі позвай як «асобу, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс». Шанцава вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі пратэсту «Прагулка недармаедаў», якая адбылася 19 лютага.

Выйшаўшы з аддзелу міліцыі, Шанцаў сказаў журналістам, што ў матэрыялах справы нібыта «дапушчаныя недакладнасьці ў трактоўцы закону «Аб масавых мерапрыемствах». Паводле яго, міліцыянты не ўлічылі прынятыя ў 2016 годзе папраўкі ў гэты закон, таму справу і вярнулі на дапрацоўку.

«Наагул жа я не зразумеў, дзеля чаго мяне выклікалі ў міліцыю, — казаў ля аддзелу міліцыі партыец. — У мяне пыталі, чаму мы праводзілі акцыю ня ў вызначаным гарвыканкамам месцы. Я адказаў: «Чаму БРСМ можа праводзіць свае імпрэзы на Ленінскай, а мы — не?».

Уладзімер Шанцаў ня лічыць сябе вінаватым у тым, што на Ленінскай 19 лютага сабралася блізу 500 чалавек, каб выказаць сваё стаўленьне да дэкрэту пра дармаедаў. Ён настойвае, што гарадзкія ўлады самі парушылі канстытуцыйныя правы грамадзян, калі не дазволілі правесьці «Марш недармаедаў».

Партыец кажа, што заплянаваная на 15 сакавіка акцыя пратэсту супраць дэкрэту № 3 адбудзецца. «Гэты дэкрэт павінен быць адменены, а не прыпынены».

Шанцаў не выключае, што яго могуць пасадзіць на суткі да 15 сакавіка. Тым ня менш ён упэўнены, «што народны пратэст супраць дэкрэту ніхто ня спыніць».

Спрабавалі выклікаць у міліцыю і актывіста аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алега Аксёнава. Двое міліцыянтаў прынесьлі позву, калі яго не было дома. Адзін зь іх, паводле Аксёнава, пазваніў яму з тэлефона жонкі. У адказ актывіст выклікаў міліцыю на «невядомых, якія трапілі ў ягоную кватэру, забралі ў жонкі тэлефон і скарысталіся ім». Калі ён прыехаў дамоў, то міліцыянтаў ужо не было, як і позвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG