У Магілёве дваіх удзельнікаў «Прагулкі недармаедаў», якая адбылася 19 лютага, выклікалі позвай у пастарунак — як «асобаў, супраць якіх распачаты адміністрацыйны працэс».
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава чакаюць у Ленінскім аддзеле міліцыі а 18 гадзіне. Зь ягоных словаў, позву на працу яму прывезьлі два маёры.
Сябра аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў мае прыйсьці ў той жа аддзел міліцыі, што Шанцаў, а палове на сёмую. Зь ягоных слоў, пра выклік у міліцыю яму паведамілі праз жончын тэлефон.
«У кватэры двое міліцыянтаў. Яны ўзялі тэлефон жонкі, зь яго мне і сказалі пра позву ў міліцыю. Мяне дома няма, таму я сам выклікаў міліцыю, каб яна разабралася, што робяць невядомыя мне мужчыны ў маёй кватэры. Сам жа еду дадому», — сказаў Свабодзе Алег Аксёнаў.
Актывісты дапускаюць, што з пастарунку іх могуць павесьці на суд, каб той асудзіў іх на адміністрацыйны арышт.
На абодвух актывістаў складзеныя пратаколы адміністрацыйнага правапарушэньня. Іх вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Уладзімер Шанцаў у міліцыі пабываў 27 лютага, а Алег Аксёнаў — 28 лютага. Сябе яны вінаватымі ў арганізацыі «Прагулкі недармаедаў» не прызнаюць.
На 15 сакавіка ў Магілёве заплянаваны «Марш недармаедаў».