Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч распавёў карэспандэнту Свабоды, што маці Сяргея патэлефанаваў невядомы, які нібыта быў разам з Пальчэўскім у ізалятры. Невядомы паведаміў, што Сяргею далі толькі трое сутак арышту, а ня дзесяць.
«Сяргей Пальчэўскі знаходзіцца ў спэцпрыёмніку, але няма пэўнай інфармацыі колькі яму далі і за што. У спэцпрыёмніку адмаўляюцца тлумачыць нават родным. Накіроўваюць у райадзьдзелы, а тыя казаць адмаўляюцца. Заўтра пойдзе адвакат да Сяргея, каб пра ўсё даведацца. З такім мы раней не сутыкаліся, каб нават родным адмаўляліся даваць інфармацыю, за што чалавек сядзіць і на колькі дзён», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.
Ці пагражае нешта абаронцам Курапатаў і асабіста Зьміцеру Дашкевічу?
«Я не напружваюся, у нашай краіне любому чалавеку можа што заўгодна пагражаць. Мажліва проста хацелі адпомсьціць. Зважаючы на такую гучную рэакцыю дэмакратычнай супольнасьці, можа, далей ня будуць разьвіваць гэту тэму, ніхто ж ня ведае. На вуліцу пакуль не выходзіў. Але заўтра пайду, паглядзім, як яно разгортваецца».
Учора паплечнікі Сяргея Пальчэўскага паведамілі, што яго арыштавалі на дзесяць сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
15 дзён актывісты трымалі абарону Курапацкага народнага мэмарыялу ад распачатай будоўлі пяціпавярховага офіснага будынку. Будаўніцтва прыпынілі, забудоўшчыкі ад пляцоўкі адмовіліся.