Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты: на актывістаў склалі яшчэ 3 адміністрацыйныя пратаколы, будоўля прыпынілася


Актывісты «Маладога Фронту», якіх будаўнікі ўчора гвалтоўна выдалілі з будаўнічай пляцоўкі ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», паставілі намёт побач з будоўляй, запалілі агонь у бочцы. Яны прастаялі ноч, працягваюць стаяць удзень.

Пасьля таго, як на будоўлі зьявіліся журналісты, будаўнічыя работы фактычна спыніліся, кажуць актывісты. Яны затрымалі машыну з будаўнічымі матэрыяламі, якая кіравалася на пляцоўку. Будаўнікі спрабавалі разгружаць матэрыялы ўручную, але перасталі.

Актывісты сьцьвярджаюць, што калі на пляцоўцы няма журналістаў, на іх нападаюць будаўнікі, гвалтам прымушаюць адступіць.

Да актывістаў пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі, склалі тры адміністрацыйныя пратаколы за перашкоду ў правядзеньні будаўнічых работ. Але актывісты прадоўжылі стаяць перад машынай будаўнікоў. Днём раней на трох актывістаў таксама складалі адміністрацыйныя пратаколы.

На 18:00 23 лютага актывісты анансуюць сход мясцовых жыхароў супраць будоўлі.

Чыноўнікі тым часам сьцьвярджаюць, што будоўля ля Курапатаў законная і вядзецца па-за межамі ахоўнай зоны. А «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды, змагаючыся за тое, каб закон у дачыненьні да ахоўнай зоны Курапатаў выконваўся. Пакуль усе суды безвыніковыя, і актывісты плянуюць зьвяртацца ў міжнародныя структуры. Паводле актывістаў, тэрыторыя, дзе цяпер будуецца пяціпавярховік, да 2014 году ўваходзіла ў ахоўную зону, там было забаронена ўсялякае будаўніцтва. Але праект зонаў аховы быў зацьверджаны Міністэрствам культуры ў канцы 2014 году ў зьмененым выглядзе, межы іх скарацілі.

«Экспэрты ў абарону Курапатаў» вядуць 4 суды супраць звужэньня ахоўнай зоны мэмарыялу

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці цягнулася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG