Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: «Калі Курапаты нікому ня трэба, то ўсё ў норме!»


Ня ведаю, можа быць, мы ўзяліся за непасільную ношу. Можа быць, гэтым і ня трэба было займацца. Зь іншага боку, ці маглі мы так проста зжэрці карумпаваны перакрой ахоўнай зоны Курапатаў і незаконную на ёй будоўлю?

Піша ў сваім Фэйсбуку Зьміцер Дашкевіч.

Каб зжэрлі незаўважна, было б мо і сорамна хадзіць на Дзяды паўз гэты цэнтар і потым ля крыжоў распавядаць, як мы беражом памяць продкаў. Таму мы ня зжэрлі. Мы разам з вамі далі бой.

Але сілы няроўныя. 30 будаўнікоў-амапаўцаў кідаюцца на некалькіх абаронцаў. Так, пад вечар падыходзіць і па 50 чалавек на дапамогу, але ўночы супрацьстаяць усёй сыстэме застаецца ўсяго некалькі чалавек. Некалькі змораных чалавек — Арцём Леўчанка, Siarhei Palcheuski, Yaromenak Uladzimir, Дмитрий Кременецкий — усе яны ня спалі па дзьве ночы. Сам я амаль увесь дзень працаваў, а цяпер дома. Але толькі для таго, каб за пару гадзін сну набрацца сілаў і заўтра легчы пад трактар ды на гадзіну спыніць будоўлю.

Але я запытваю вас усіх, усіх НАС — 5 тысяч пасіянарыяў з сацсетак, чаму толькі Арцём Леўчанка, якога трасе ад хваробы, ня сьпіць дзьве ночы? Чаму толькі Сяржук Пальчэўскі і Зьміцер Крэмянецкі ўночы супрацьстаіць будаўнікам-амапаўцам? Чаму трываюць варту ў Курапатах Уладзь Яроменак і Raman Vasiljieŭ, у якіх дома жонкі і маленькія дзеці? Калі Курапаты нікому ня трэба, то ўсё ў норме! Але калі трэба, дык давайце адкажам на гэтае пытаньне: чаму яны ня сьпяць суткамі, а мы дрыхнем?

Заўтра я пад трактар лягу, але калі патрыёты не палічаць за патрэбнае выйсьці і бараніць Курапаты, я сам раскідаю гэты намёт і разганю ўсіх па хатах — каб Уладзь Яромянак начаваў дома зь сям’ёю, а ня ў лесе. Тады мы прайграем. Можа быць, гэта была непасільная ноша. Мне сорамна і крыўдна прызнаць сваю паразу? Сорамна, аднак, як кажа мая дачушка Мара, аматарка Кімаўскіх перакладаў «Сьвінкі Пэпы» — гэта бруд, гэта ўсяго толькі бруд. Але калі б я хадзіў на Дзяды паўз гэты будынак, супраць будаўніцтва якога я і палец не ўзьняў бы, на душы было б такое паскудзтва, якое нічым і не адцерці. А так — гэта бруд, гэта ўсяго толькі бруд: я абцёрся і пайшоў са спакойным сэрцам.

PS. Хто больш баіцца бруду на душы, чым на твары, падыходзьце на начныя варты, каб уночы будаўнікі-амапаўцы ня зьнішчылі намёт і ня зьбілі абаронцаў. А дзень маладафронтаўцы могуць узяць і на сябе — паралізуем будоўлю па максымуме. І нават калі мы прайграем у гэтым супрацьстаяньні з карупцыяй і зладзеямі, памятайце: гэта ўсяго толькі бруд — абцёрся і рушыш далей.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG